HomelDays_Logo_Main-mobil

Адна з найстарэйшых беларускіх навукова-культурных арганізацый у эміграцыі прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”

Інтэрнэт-старонка Беларускага інстытута навукі і мастацтва (БІНіМ) прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Пра гэта паведаміла сама арганізацыя, штаб-кватэра якой знаходзіцца ў Нью-Ёрку, на сваёй афіцыйнай старонцы ў Facebook.

Паводле паведамлення БІНіМ, адпаведнае рашэнне прыняў суд Чыгуначнага раёна Гомеля 2 чэрвеня 2026 года.

На сваёй старонцы прадстаўнікі арганізацыі звярнуліся да чытачоў з заклікам быць асцярожнымі:

“Шаноўныя сябры! Паводле пастановы суду Чыгуначнага раёну г. Гомелю ад 2 чэрвеня 2026 году, Інтэрнэт-старонка нашага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва — БІНіМ прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі.

Калі ласка, калі вы знаходзіцеся ў Беларусі ці зьбіраецеся туды ехаць, адпішыцеся ад нашай старонкі, не стаўце падабайкі, не камэнтуйце й не дзяліцеся нашымі допісамі.

Дбайце, калі ласка, пра сваю бясьпеку!”

Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) — адна з найстарэйшых беларускіх навукова-культурных арганізацый у эміграцыі. Інстытут быў заснаваны ў 1951 годзе ў Нью-Ёрку прадстаўнікамі беларускай пасляваеннай дыяспары. Яго дзейнасць звязаная з захаваннем беларускай культурнай, літаратурнай і навуковай спадчыны, архіўнай працай, выданнем даследаванняў і падтрымкай беларускіх навукоўцаў і творцаў.

За дзесяцігоддзі працы БІНіМ стаў адным з ключавых цэнтраў беларускай інтэлектуальнай эміграцыі і захавання нацыянальнай памяці па-за межамі Беларусі.

У апошнія гады беларускія ўлады паслядоўна пашыраюць пералік арганізацый, выданняў і інтэрнэт-рэсурсаў, прызнаных “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У гэты спіс трапляюць не толькі незалежныя медыя і грамадскія ініцыятывы, але і адукацыйныя, навуковыя і культурніцкія праекты.

Штодзень

Слайдар пастоў