У азёрах каля вёсак Булаўкі і Мелешкавічы Мазырскага раёна зафіксавалі амерыканскага соміка. Амерыканскі сомік уваходзіць у спіс інвазіўных чужародных відаў рыб у Беларусі. Паводле спецыялістаў, ён хутка размнажаецца, сілкуецца ікрой і маляўкамі мясцовых відаў, а таксама можа выцясняць абарыгенную іхтыяфаўну. Дадатковую небяспеку для драпежных рыб ствараюць вострыя шыпы ў грудных і спінным плаўніках, паведамляе фэйсбук-старонка “Дзікая прырода побач”.

Спецыялісты нагадваюць, што пры выпадковым вылаве амерыканскага соміка яго не рэкамендуецца выпускаць назад у вадаём. Дзеючыя правілы аматарскага рыбалоўства дазваляюць вылоўліваць інвазіўныя віды без абмежаванняў па колькасці і вазе.
Разам з амерыканскім сомікам у беларускі пералік інвазіўных рыб уваходзяць ратан-галавешка, некалькі відаў бычкоў і амурскі чабачок.
Пры гэтым меркаванні адносна небяспекі новага віду сярод рыбакоў і аматараў прыроды разыходзяцца. У каментарах да паведамлення пра знаходку жыхары Берасцейшчыны адзначаюць, што амерыканскі сомік ужо дзесяцігоддзямі сустракаецца ў асобных вадаёмах Палесся. Аднак навукоўцы звяртаюць увагу, што нават пры наяўнасці буйных шчупакоў, акуняў і іншых рыб інвазіўныя віды могуць паступова выцясняць рэдкіх прадстаўнікоў мясцовай фаўны.
Праблема інвазіўных рыб актуальная не толькі для Беларусі. Напрыклад, у 2025 годзе ў Іспаніі ўлады пайшлі на маштабныя меры па барацьбе з амурскім чабачком пасля таго, як гэты від заняў да 95% рыбнай біямасы ў адным з вадасховішчаў.
Штодзень
Аўтар фота: Піваварава Ю.В.