11 жніўня – сумная дата для жыхароў Гомеля і ўсёй Беларусі. У гэтым годзе ўжо шостая гадавіна смерці затрыманага падчас пратэстаў у 2020 годзе Аляксандра Віхора. Да гэтага часу ніхто за гэтую смерць не пакараны.

Аляксандр Віхор
Хлопец быў затрыманы АМАПам 9 жніўня, пра што паспеў паведаміць родным. Па словах маці, Аляксандр не браў удзелу ў пратэстах і проста ехаў да сваёй дзеўчыны. Як распавялі сведкі, у Аляксандра Віхора пачаўся нервовы зрыў, яму адразу патрэбна была медыцынская дапамога, але замест гэтага маладзёна збівалі.
У ноч з 11 на 12 жніўня Аляксандр Віхор быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне туберкулёзнай бальніцы, але дапамагчы яму медыкі ўжо не змаглі.

Саша Віхор
Пахаванне ў Касцюкоўцы было шматлюдным. У Гомелі ў памяць пра хлопца паўстаў стыхійны мемарыял, які праіснаваў некалькі дзён.

Афіцыйная прычына смерці – раптоўнае абвастрэнне захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, а прымяненне сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў было абгрунтаваным (такім чынам прымяненне сілы не аспрэчвае нават афіцыйная версія).
Як палічылі судмедэксперты, для адкрыцця крымінальнай справы падстаў няма. Але яны абверглі інфармацыю сілавікоў пра ужыванне Аляксандрам наркотыкаў.
Сяргей Удавікоў, пад кіраўніцтвам якога праходзіла гэтая праверка, у 2024 годзе быў павышаны да начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінскай вобласці, а ў 2026 – да намесніка генпракурора. У 2023 годзе Удавікоў абяцаў працяг палітычных рэпрэсіяў.
Нагадаем, што ў 2020 годзе былі мірныя пратэсты, як у Гомелі, так і ва ўсёй Беларусі. На вуліцы выходзілі звычайныя беларусы, асноўнай зброяй якіх былі шчырыя ўсмешкі. Як пазней высветлілася, менавіта гэта ўразіла ўвесь свет і стварыла пазітыўны вобраз беларускіх вымушаных мігрантаў (пазней сапсаваны пераходам улады на расійскі бок з пачаткам вайны супраць Украіны) у розных краінах.
Мірнымі, на жаль, былі толькі пратэстоўцы. Аляксандр Віхор быў другой асобай, што загінула падчас пратэстаў (на пару дзён раней з Аляксандрам Тарайкоўскім здарылася трагедыя з Мінску) ад жорсткага абыходжання падчас затрымання і несвоечасовай медыцынскай дапамогі.