5 гадоў з моманту забойства Аляксандра Віхора

11 жніўня назаўсёды застанецца для гомельцаў (і для ўсёй Беларусі) смутнай датай. Сёлета – пятая гадавіна смерці затрыманага падчас пратэстаў у 2020 годзе Аляксандра Віхора.

Хлопец быў затрыманы АМАПам 9 жніўня, пра што паспеў паведаміць родным. Па словах маці, Аляксандр не браў удзелу ў пратэстах і проста ехаў да сваёй дзеўчыны. Як распавялі сведкі, у Аляксандра Віхора пачаўся нервовы зрыў, яму адразу патрэбна была медыцынская дапамога, але замест гэтага маладзёна збівалі.

У ноч з 11 на 12 жніўня Аляксандр Віхор быў дастаўлены ў рэанімацыйнае аддзяленне туберкулёзнай бальніцы, але дапамагчы яму медыкі ўжо не змаглі.

Пахаванне Аляксандра ў Касцюкоўцы было шматлюдным.

У афіцыйным заключэнні следчага камітэта гаворыцца, што Аляксандр Віхор памёр ад раптоўнага абвастрэння захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы, а прымяненне сілы з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў было абгрунтаваным (такім чынам прымяненне сілы не аспрэчвае нават афіцыйная версія). Пераломы рэбраў і грудзіны з’явіліся ў выніку рэанімацыйных мерапрыемстваў. Для адкрыцця крымінальнай справы падстаў няма. Пры гэтым дадзеныя экспертызы абверглі першапачатковую інфармацыю сілавікоў аб ужыванні Аляксандрам наркотыкаў. Сяргей Удавікоў, пад кіраўніцтвам якога праходзіла праверка, у 2024 годзе быў павышаны да начальніка ўпраўлення Следчага камітэта Беларусі па Мінскай вобласці.

Штодзень

Слайдар пастоў