Турзлёт у стылі дому вар’ятаў

Часам антропологам і археолагам цяжка зразумець, як скласці цэльны вобраз мінулага з разрозненых артэфактаў. Паспрабавалі паглядзець, ці далі б рады навукоўцы будучыні зразумець, што адбывалася ў сённяшняй Беларусі, на прыкладзе турыстычнага злёту «На шляху да Алімпа-2025». Спойлер: не хацелі б мы быць на месцы тых антраполагаў…

 

Фота: gomel.1prof.by

Турыстычны злёт у Бухце капітанаў пад Гомелем сабраў 45 каманд з буйных дзяржаўных прадпрыемстваў. Удзел прыняло каля 1200 асоб.

Звычайна мерапрыемствы кшталту турзлётаў ладзяцца, каб адключыцца ад штодзённых праблем і гарадскога гоману, пабыць на прыродзе ў суцішнай атмасферы. Першая неспадзяванка, над якой антраполагам давялося б паламаць галаву, гэта інсталяцыя, прысвечаная Другой сусветнай вайне. Не ў музеі ці ў выставачнай зале, а ў лесе. Навошта? Мабыць, навукоўцы б некалькі разоў пераправяралі, ці дакладна гэта падзея з 2025, а не 1950 ці 1960 года.


Фота: www.sb.by

Здзівіла б навукоўцаў і вялікая колькасць прывезеных на прыроду штучных канструкцый, асабліва ў выглядзе каласоў. Мо 2025 год быў настолькі неўраджайным, што сапраўдных раслін не засталося? Ці мо з-за санкцый у Беларусі не засталося ні запчастак для ровараў, ні бензіну, раз замест звычайнага транспартнага сродку кабета вымушана ехаць… на карку калегі. Самыя дапытлівыя антраполагі нават палез лі б падымаць статыстыку, ці не павялічылася ў Гомельскай вобласці колькасць разводаў пасля такіх злётаў.

Фота: gomel.1prof.by

У пэўны момант антраполагі маглі б нават падумаць, што на здымках з’яўляецца здань у белым. Бо ніхто не едзе на турзлёт у белай вопратцы, у ёй можна толькі прысесці і зрабіць фота. Іх упэўненасць узрасла б, калі б яны пашукалі іншыя здымкі таго перыяду і пабачылі, што гэтая жанчына ў белым з’яўляецца паўсюль (дакладна прывід, чалавек, які працуе, не можа быць адначасова ў столькіх месцах і фатаграфавацца ўвесь час). Даведацца, што насамрэч гэта чыноўніца, было б для іх расчараваннем.

 

Фота: https://newsgomel.by/

Самае вялікае здзіўленне выклікала б у вучоных відэа, дзе дзіўныя дзяўчыны ў лялечна-рускіх сарафанах робяць нейкія магічныя рытуалы з агнём, пад музыку палітвязня, на вачах у старшыні гомельскага гарвыканкама У. Прывалава.

 

Відэа: тэлеграм-канал У. Прывалава

 

У смелых навукоўцаў магла б нават закрасціся думка, што рускакультурныя дзяўчыны выказваюць такім чынам падтрымку зняволенаму музыку Алегу Хаменку (менавіта пад музыку гурта «Палац» адбываюцца гэтыя дзіўныя скокі). Наўрад ці б антраполагі сцямілі, што арганізатары шоу не выйшлі ментальна з 1990-х, слухаюць толькі музыку адтуль, вось ютуб і прапанаваў ім запіс з 1993 года.

Выступ гурта «Палац» на тэлеперадачу “Рок-айлэнд” (ТБК, 1993)

 

Варта адзначыць, што арыгінальны кліп мо і напоўнены лірычным наівам і спецыфікай тых часоў, але ён мае сваю эстэтыку і зроблены з густам (не кажам пра песню, якая і дагэтуль не згубіла ні актуальнасці, ні энергетыкі).

Уявіць сабе, што ж насамрэч адбывалася ў пад Гомелем у 2025 годзе, было б цяжка. І з вялікай долей верагоднасці яны прышлі б да высновы, што мерапрыемства было арганізавана Уладзімірам Прывалавым, каб было каму паспяваць пад гітару. Паколькі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства – люд падначалены, выбару не слухаць музыку ўлады ў іх не было.

Штодзень

Слайдар пастоў