Беларускія пратэсты–2020 былі ўнікальнай з’явай не толькі таму, што народ, які маўчаў чвэрць стагоддзя, займеў голас. Але і таму, што ўсё адбывалася нетыпова, трохі не так, як гэта бывае звычайна. У пятую гадавіну тых падзей згадаем, як Гомель перажыў жнівень 2020 года.

УНІКАЛЬНЫ МІРНЫ ПРАТЭСТ
Звычайна пратэсты асацыююцца з агрэсіяй і бойкамі, пашкоджанымі вітрынамі ці падпаленымі аўтамабілямі. Беларусы, у тым ліку і гомельцы, абралі стратэгію мірных пратэстаў. На вуліцы выходзілі ветлівыя культурныя асобы, асноўнай зброяй якіх былі шчырыя ўсмешкі. Як пазней высветлілася, менавіта гэта ўразіла ўвесь свет і стварыла пазітыўны вобраз беларускіх вымушаных мігрантаў (пазней сапсаваны пераходам улады на расійскі бок з пачаткам вайны супраць Украіны) у розных краінах.

Мірнымі, на жаль, былі толькі пратэстоўцы. У Гомелі не абышлося без ахвяр. Аляксандр Віхор быў другой асобай, што загінула падчас пратэстаў (на пару дзён раней з Аляксандрам Тарайкоўскім здарылася трагедыя з Мінску) ад жорсткага абыходжання падчас затрымання і несвоечасовай медыцынскай дапамогі.
У ПРАТЭСТАЎ ЖАНОЧЫ ТВАР
Калі стала зразумела, што з пратэстоўцамі мужчынскага пола, могуць абыходзіцца жорстка, мабілізаваліся жанчыны. Гомяльчанкі аднымі з першых далучыліся да агульнабеларускага трэнду выйшлі на вуліцы горада. У белай вопратцы, з кветкамі ды паветранымі шарыкамі, і са шчырымі ўсмешкамі. Пачалося ўсё ад невялічкай групы кабет, якія ўтварылі ланцужок ля Цырка. У наступныя дні з жанчын пачалі ўтварацца цэлыя калоны, што крочылі па пр. Леніна і пр. Перамогі. Хтосьці знаходзіў інфармацыю пра акцыі ў інтэрнэце, іншыя далучаліся, пабачыўшы калону на вуліцы.

Гістарычны здымак: нацыянальны сцяг Беларусі над Гомельскім драмтэатрам. 16 жніўня 2020 год
АДНАГО СЦЯГА МАЛА
Падчас пратэстаў на плошчы імя Леніна ў адзін дзень, парацягу пары гадзін, з чырвона-зялёнага на бел-чырвона-белы быў заменены не адзін, а ажно два сцяга па розных баках плошчы. Ці можа яшчэ які горад пахваліцца такім дасягненнем?
ПРЫВАТНЫ БІЗНЕС ЗДАЎ ЭКЗАМЕН НА ГОДНАСЦЬ
Адна з планаваных форм мірнага супраціву – страйк – у Гомелі фактычна правалілася. Працу прыпынілі выключна невялікія прыватныя фірмы, супрацоўнікі заводаў і фабрык (а менавіта іх удзел мог бы быць лёсавырашальным), як ні ў чым не бывала, пайшлі на працу.

Легендарную карчму “Будзьма” закрылі пасля страйку ў 2020-м
Гэта ў чарговы раз прадэманстравала тое, што прыватны бізнес больш мабільны і прагрэсіўны, а залежныя ад дзяржавы прафсаюзы (звычайна менавіта яны вядуць рэй у страйках) – марыянетачнае нефункцыянальнае ўтварэнне.
З іншага боку, добра праявілася салідарнасць гомельскай бізнес-супольнасці: месцы зачыненых устаноў (Рэд Паб, карчма «Будзьма», бар «Бэкер» і інш.) доўга пуставалі.

САМААРГАНІЗАЦЫЯ НЕ СПРАЦАВАЛА
З сумам даводзіцца канстатаваць, што пратэсты ў Гомелі пачалі згортвацца раней за 1 верасня (калі дзеці пайшлі ў школы, а ў дарослых закончыліся вакацыі). І нават раней за той момант, калі замест адміністратыўных артыкулаў за ўдзел у пратэстах пачалі прызначаць крымінальныя.
У пратэстаў не было відавочных лідараў і арганізатараў. Пакуль актывісты праз інтэрнэт даводзілі да ўсёй краіны агульны план – выйсці ў такі-та дзень і такі-та час на галоўныя вуліцы горада, Гомель віраваў. Тысячы (ці дзясяткі тысяч), нягледзячы на рызыку затрымання, збіцця, звальнення і г.д., выходзілі цэлымі сем’ямі, з дзецьмі і старэйшым пакаленнем. Кансалідаваліся, натхнялі і верылі ў лепшае. Стваралі свае ініцыятывы і дапамагалі іншым. Але хутка стала відавочна, што галоўная плошча ў Гомелі не падыходзіць для месца збору, бо выконвае функцыю транспартнага кола з вялікім рухам. Вуліца Савецкая – вузкая, з вялікай колькасцю скрыжаванняў, дазваляе лёгка разбіць калону. А адсутнасць двароў і паралельных вуліц не дае магчымасці збегчы пра пагрозе затрымання.
У пратэсных чатах пачалі шукаць лепшыя варыянты. Сярод прапаноў былі вул. Мазурава, Барыкіна, пр. Рэчыцкі і іншыя. Але, паколькі не было лідара, які б вырашыў, куды ісці, пачаліся спрэчкі, які варыянт лепшы. І, як часта бывае ў беларусаў, там, дзе трэба аб’яднацца, мы падзяліліся – фразы «на тую вуліцу я ні ў якім разе не пайду» гучалі ўсё часцей. І хаця тых, хто зносіў разлад, было, па назіраннях, некалькі дзясяткаў, тысячы разгубіліся і… засталіся дома.

Уладзімір Драбышэўскі ў жніўні 2020 года пратэставаў супраць гвалту сілавікоў прама насупраць абласнога ўпраўлення СК
Прага да перамен і актыўнасці не знікла – людзі аб’ядноўваліся ў лакальныя чаты, ладзілі маленькія акцыі, фінансава і арганізацыйна падтрымлівалі пацярпелых і г.д. Але вялікіх агульнагарадскіх акцый ужо не было.
ЖЫВЕ ТЭЛЕГРАМ
Пратэсты 2020 змянілі, падобна, назаўсёды, спосаб атрымання чытачамі інфармацыі. Паколькі сотавая сувязь на вуліцах не працавала, сайты незалежных выданняў масава блакіраваліся, галоўнай крыніцай інфармацыі сталі каналы ў Тэлеграм. Мэсанджарам пачалі карыстацца ўсе, як для пошуку навін, так і для камунікацыі. Зараз мы са здзіўленнем успамінаем, што колісь трэба было заходзіць непасрэдна на сайт выдання, а не чытаць анонсы навін і пераходзіць па спасылцы на сайт толькі кал нешта зацікавіць. Гэта зручна, але маюцца мінусы. Праглядаў старонак сайтаў смі, якія і без таго знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, паменела. А таму, што ўзровень бяспекі і канфідэнцыяльнасці Тэлеграм невысокі, маецца шмат доказаў.

Пахаванне Сашы Віхора
Ці маглі мірныя пратэсты спрацаваць і змяніць ход гісторыі? Падобна, што так. Магчыма, калі б была дасягнута крытычная маса выхаду на вуліцы, больш асоб з праваахоўнай структуры перайшла б на бок мітынгоўцаў. Калі б у паўмільённым горадзе выйшла не 5 000–10 000, а 50 000–100 000 асоб, то ў кожнага – і міліцыянера, і прадстаўніка адміністрацыі, і таго, хто лічыў, што на пратэстах толькі купленыя марыянеткі – было б на вуліцах шмат сяброў, суседзяў, калег, родных. Але шмат хто застаўся дома са словамі «Калі рэжым падзе, адчыню бутэльку лепшага шампанскага!» Мабыць, перамены мусяць выспець, для іх яшчэ павінен надысці свой час…