На беларускай мяжы з Еўрапейскім Саюзам зноў кіламетровыя чэргі

На выездах з Беларусі ў бок краін Еўрапейскага Саюза зноў назіраюцца значныя чэргі. Паводле звестак Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у агульнай колькасці на пунктах пропуску чакаюць каля 3700 транспартных сродкаў. Найбольшая нагрузка назіраецца на польскім напрамку — больш за 2000 легкавых аўтамабіляў і некалькі дзясяткаў аўтобусаў. На мяжы з Літвой і Латвіяй — сотні фур. Чэргі працягваюць расці — толькі за выходныя дадалося больш за 500 машын. У тэматычных чатах пішуць, што праходжанне мяжы РБ-РП займае чатыры дні.

Прычына ў складанай сітуацыі на мяжы не толькі ў недастатковай прапускной здольнасці. Афіцыйны Мінск традыцыйна абвінавачвае суседзяў у тым, што пагранічныя службы Польшчы і краін Балтыі афармляюць менш транспарту, чым прадугледжвалася ранейшымі дамоўленасцямі. Аднак, паводле экспертаў,

сапраўдныя прычыны цяперашняй сітуацыі бяруць пачатак яшчэ ў 2021 годзе, калі беларускія ўлады справакавалі міграцыйны крызіс. Тады тысячы бежанцаў, якія прыбылі ў Беларусь пад выглядам турыстаў, былі накіраваныя да межаў ЕС.  Гэта стала сур’ёзным выклікам для Польшчы, Літвы і Латвіі, якія расцанілі сітуацыю як гібрыдную атаку.  У выніку шэраг пунктаў пропуску быў зачынены або пераведзены ў іншы рэжым працы, былі ўведзены дадатковыя праверкі.

Значны ўплыў на сітуацыю аказала таксама поўнамаштабная вайна ва Украіне, якая пачалася ў 2022 годзе. Улічваючы, што Расійская Федэрацыя выкарыстоўвала тэрыторыю Беларусі для перамяшчэння войскаў, гэта паўплывала на змену падыходаў да пытання бяспекі з боку Еўрапейскага Саюза. З таго часу працэс перасячэння мяжы стаў больш жорстка рэгуляваным і адрасным.

 

 

Слайдар пастоў