HomelDays_Logo_Main-mobil

Уладзімір Жыгар: “Каб міліцыя ў 2020 годзе стала на бок людзей, цяпер усё было б інакш”

Былы міліцыянт з Мазыра Уладзімір Жыгар у 2020 годзе адмовіўся парушаць закон, а цяпер займае пасаду публічнага прадстаўніка ініцыятывы BELPOL. “Штодзень” распытаў яго, чаму ён пайшоў служыць у сілавыя структуры, што адбылося ў 2020 годзе, ці ёсць мара вярнуцца ў Мазыр.

 


Паходзіць з Мазыра, што гэта значыць? Распавядзіце пра сваё дзяцінства, што да гэтага часу звязвае з гэтым горадам?

– У Мазыр я пераехаў у 2002 годзе з Брэста. Вучыўся ў школе, потым скончыў політэхнічны каледж, некаторы час працаваў аператарам-наладчыкам-праграмістам станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем. У горадзе засталіся жыць блізкія мне людзі, знаёмыя, сябры. Вядома, спектр маёй дзейнасці ў BELPOL ахоплівае ўсю краіну, але калі я бачу нейкую інфармацыю пра Мазыр, то заўсёды надаю ёй падвышаную ўвагу.

Якія ўлады ў горадзе, прарасійскія ці больш прабеларускія? Якія прадпрыемствы працуюць на РФ?

– На сённяшні дзень мне складана сказаць. Раней яны не былі ні тымі, ні другімі. Як і ўсюды, напэўна. Да 2020 года ўвогуле ніколі не ставілі пытанне такім чынам (прабеларускія ці прарасійскія).

Хутка 40 гадавіна аварыі на ЧАЭС, ці было нешта ў дзяцінстве, што прыгадвала пра яе? Наколькі падаецца небяспечнай ідэя будаўніцтва магільніка ядзерных адыходаў у зоне адчуджэння?

– Я нарадзіўся ў Нароўлі, і мая мама з’яўляецца ліквідатаркай аварыі на ЧАЭС. Таму з самага дзяцінства мяне вельмі многае звязвае з гэтай трагедыяй, якой цяпер абсалютна незаслужана надаецца так мала ўвагі. У 1992 годзе мы пераехалі ў Брэст і адтуль ужо, можна сказаць, вярнуліся бліжэй да родных мясцін. Таксама, пачынаючы з 1997 года, я некалькі разоў выязджаў ад фонду «Дзеці Чарнобыля» на аздараўленне ў Еўропу. Памятаю нават, што аднойчы ў Брэсце Генадзь Грушавы начаваў у нас у кватэры. Ужо потым я прачытаў пра ягоную біяграфію, пра тое, што ён рабіў для такіх дзяцей, як я (дзяцей перасяленцаў), і ўвогуле, наколькі гэта быў вялікі чалавек.

Будаўніцтва ў Беларусі АЭС — гэта глупства. І, як паказвае час, гэта быў не больш чым папулісцкі ход, які ніяк не дапамог краіне. Станцыя нармальна не эксплуатуецца. Пры яе будаўніцтве, паводле даных BELPOL, была дапушчана істотная колькасць памылак. Не варта таксама забываць, хто яе будаваў і за чый кошт. Гэта таксама немалаважны фактар. Не так даўно BELPOL апублікаваў інфармацыю пра тое, што побач з АЭС будзе будавацца і магільнік адходаў.

Чаму вырашылі пайсці ў міліцыю? Што гэта служыць там сёння, улічваючы агульную атмасферу? Наколькі гэта змяніла жыццё ў цэлым? Каго сярод міліцыянтаў болей “рускаміраўцаў” ці “дзяржаўнікаў”, ёсць тыя, хто “наш” і падтрымлівае змены да гэтага часу?

– Рашэнне пайсці служыць у органы не было спантанным. Сітуацыя ў краіне тады не была перадрэвалюцыйнай, 2015 год (год выбараў) прайшоў вельмі ціха, і я вырашыў, што маіх ведаў, уменняў, здольнасцяў будзе дастаткова, каб зрабіць адзін асобна ўзяты РАУС лепшым.

Я ішоў у органы ўжо, так бы мовіць, у “сур’ёзным узросце”. На мяне не маглі ўздзейнічаць з пункту гледжання ідэалагічнай напампоўкі. Адразу ж пайшоў вучыцца ў Акадэмію МУС (завочна). Навучанне ў Акадэміі мне практычна адразу дазволіла заняць пасаду оперупаўнаважанага крымінальнага вышуку.

Да 2020 года міліцыя была органам, які займаўся раскрыццём злачынстваў. Безумоўна, я ведаў пра рэпрэсіі, ведаў пра пераслед людзей па палітычных матывах, але я ніколі асабіста з гэтым не сутыкаўся. Як толькі сутыкнуўся, я адразу ж зрабіў свой выбар: застаўся верным прысязе. Для мяне гэта не быў пусты гук.

Цяпер у міліцыі татальны страх і недавер адзін да аднаго. У сярэднестатыстычным аддзеле супрацоўнікі не падзяляюцца на “рускамірцаў” або ўмоўна “ябацек”. Развагі такога кшталту міліцыі чужыя. Яны проста выконваюць загад. Бяздумна, пакорліва. Як іх вучылі. Але пры ўсім гэтым разумныя людзі там таксама ёсць. Інакш бы BELPOL не атрымліваў рознага роду інфармацыю з Беларусі, звязаную з МУС.

Што здарылася ў 2020 годзе? Чаму прынялі рашэнне, што трэба ехаць у Мінск і што было далей?

– Пасля таго як я адкрыта агучыў сваю пазіцыю наконт прававога дэфолту, які ўжо тады тварыўся ў краіне, мяне выклікалі ва УУС Гомельскага аблвыканкама і там прапанавалі звольніцца.

Далей я далучыўся ў якасці валанцёра да ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай і ўдзельнічаў у многіх мітынгах і пікетах (недзе як ахоўнік, недзе як саарганізатар). Мы змаглі сабраць у Мазыры вялікую групу актыўных людзей, і разам з гэтай групай мы паўдзельнічалі ў мітынгах: у Мінску (двойчы), Хойніках, Мазыры, Калінкавічах, Рэчыцы, Гомелі.

Ну а перад днём выбараў я разумеў, што будзе татальная зачыстка, і разам з некалькімі таварышамі мы паехалі ў Мінск, дзе і былі 9 жніўня. 10 жніўня я быў затрыманы супрацоўнікамі ГУБАЗіК і САХР і дастаўлены спачатку ў ГУБАЗіК, а потым мяне перадалі АМАПу. Ноч мы правялі ў Ленінскім РУУС Мінска, і адтуль нас перавезлі ў Жодзіна, дзе мяне асудзілі на 5 ці 6 сутак адміністрацыйнага арышту.

Як вы ацэньваеце сваю работу ў міліцыі з пазіцыі сябе сённяшняга?

– Складанае пытанне, якога я сабе ніколі не задаваў. Напэўна, я рабіў усё, што мог, у тых умовах, якія былі.


Пайшлі б яшчэ раз працаваць туды?

– У гэтую, якая ёсць цяпер, — не. У тую, што была, ведаючы, што будзе? Не ведаю. Усё роўна я б паступіў гэтаксама ў 2020-м, нягледзячы ні на што.

Што было б каб міліцыя “перайшла на бок” народу ў 2020 годзе, пра што марыла апазіцыя шмат год ужо?

– Упэўнены, калі б міліцыя ў большай колькасці стала на бок людзей (нават не трэба, каб гэта былі ўсе), цяпер усё было б інакш.

BELPOL як вы бачыце місію арганізацыі? Калі можна будзе сказаць, што яна выкананая?

– Арганізацыя BELPOL — гэта маніторынгава-аналітычная арганізацыя беларускіх дэмакратычных сіл. Усе думаюць, што калі частка нашага калектыву — гэта былыя супрацоўнікі, то значыць мы павінны апрыёры адказваць за свайго роду сілавую кампаненту. Але нас вучылі раскрываць злачынствы, збіраць па крупінках інфармацыю, арганізоўваць агентурную дзейнасць, дзейнічаць хітра і эфектыўна.

Наша праца — гэта праца разумовая. Ды і ўжо частка нашага калектыву не мае дачынення да сілавых органаў Беларусі. Бо спецыфіка нашай дзейнасці ахоплівае велізарную колькасць сфер, і не заўсёды былы супрацоўнік можа быць кампетэнтны ў тых ці іншых пытаннях.

Частка нашай працы публічная, і ўсе могуць яе назіраць. Гэта публічныя расследаванні пра карупцыю ў Беларусі, мілітарызацыю эканомікі, структуру сістэмы кіравання лукашэнкаўскай Беларусі і гэтак далей. Мы рэгулярна публікуем артыкулы, заснаваныя на дакументах. Мы займаемся верыфікацыяй беларусаў для палітычных структур, дзяржаўных органаў краін ЕС і ЗША, праваабарончых арганізацый. Таксама мы на рэгулярнай аснове перадаём рознага роду інфармацыю нашым дэмакратычным СМІ.

Але асноўная частка працы BELPOL — гэта праца непублічная. Дзякуючы сетцы інфарматараў унутры краіны, мы атрымліваем інфармацыю пра тое, што адбываецца ў нашай краіне. Гэтая інфармацыя кладзецца ў аснову нашых аналітычных матэрыялаў, якія мы як самі прэзентуем, так і перадаём нашым палітычным структурам. Таксама BELPOL рэгулярна праводзіць закрытыя брыфінгі для МЗС краін ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Украіны па розных напрамках (мілітарызацыя Беларусі, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі і гэтак далей).

Але, мабыць, асноўная частка нашай непублічнай працы — гэта санкцыі. Санкцыі не дзеля піяру, а дзеля эфектыўнасці. Лабіраванне санкцый, пастаянныя сустрэчы, кансультацыі, брыфінгі на гэтую тэму — найважнейшая кампанента нашай паўсядзённай дзейнасці.

Місія будзе выкананая, калі Беларусь стане прававой, свабоднай і дэмакратычнай краінай. Далей ужо людзі, новыя супрацоўнікі, палітыкі будуць весці краіну наперад.

Ці ёсць мара вярнуцца ў Мазыр?

– Мара? Гэта хутчэй не мара, а жаданне. Там засталося шмат незакончаных спраў. І іх трэба скончыць. Раз і назаўсёды.

Штодзень

Чытаць па тэме:
Запужаныя сілавікамі
ДзяржСМІ піараць міліцыянта, датычнага да гібелі Вітольда Ашурка
Гомельскія міліцыянты і мясцовыя ўлады не бачаць ніякіх праблем у сваіх парушэннях

 

Слайдар пастоў