Інцыдэнт з аўтобусам беларускай дзіцячай футбольнай каманды ў Бранскай вобласці выклікаў не толькі палітычныя заявы, але і пытанні. Украінскі Генштаб адмаўляе датычнасць да здарэння, а шэраг экспертаў сцвярджаюць, што агучаная Масквой версія пра ўдар украінскага FPV-дрона не вытрымлівае тэхнічнай праверкі.

Фотакалаж: Час Чернігівський
Вайскова-палітычны аглядальнік групы “Інфармацыйны супраціў” Аляксандр Каваленка, меркаванне якога апублікавала чарнігаўскае выданне “Час Чернігівський”, лічыць, што інцыдэнт мае прыкметы загадзя спланаванай правакацыі.
“Яшчэ да вынікаў экспертызы і завяршэння следчых дзеянняў расійскі бок істэрычна абвінавачвае ва ўдары Украіну, а навінавыя стужкі ўжо запоўненыя фотаздымкамі і відэа пашкоджанага аўтобуса. І, шчыра кажучы, лепш бы яны гэтыя кадры не публікавалі, бо гэта фактычна прызнанне ўласнай віны!
Па-першае, трэба разумець, дзе знаходзяцца траса А-240 і Пачапскі раён. Гэта больш за 60 кіламетраў ад мяжы з Украінай. І гэта вельмі важны момант для разумення таго, чаму мы маем справу менавіта з расійскай правакацыяй.
Па-другое, звярніце ўвагу на фотаздымкі пашкоджанага аўтобуса. Па характары пашкоджанняў можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе пра маламагутны FPV-дрон. Не пра ўдарны беспілотнік сярэдняй далёкасці кшталту Hornet, а менавіта пра маламагутны сродак паражэння. І гэта самае цікавае.
FPV-дрон звычайна дзейнічае на адлегласці да 20 кіламетраў, а дрон на валаконна-аптычным кіраванні — у сярэднім да 40 кіламетраў. Акрамя таго, запуск адбываецца з закрытай пазіцыі для бяспекі аператара, што дадае яшчэ мінімум 5 кіламетраў бяспечнай зоны.
Такім чынам, украінскі FPV-дрон ніяк не мог бы вылецець з тэрыторыі Украіны і нанесці ўдар па аўтобусе больш чым за 60 кіламетраў ад мяжы, бо для гэтага яму трэба было б пераадолець звыш 65 кіламетраў”, — заявіў Каваленка.
Паводле яго логікі, калі б выкарыстоўваўся дрон на валаконна-аптычным кіраванні, то запускаць яго павінны былі прыкладна з тэрыторыі Пагарскага раёна Бранскай вобласці — раёна Пагара або Трубчэўска. Калі ж гэта быў звычайны FPV-дрон, то яго запуск мусіў адбывацца непасрэдна ў Пачапскім раёне Бранскай вобласці.
“Я не памятаю, каб сёння Украіна кантралявала такую тэрыторыю і такую глыбіню Бранскай вобласці. А калі ўявіць пранікненне нейкай дыверсійна-разведвальнай групы, то ёй давялося б пераадолець ад 20 да 40 кіламетраў даволі добра патруляванай і кантраляванай тэрыторыі Бранскай вобласці. І дзеля чаго? Каб нанесці ўдар FPV-дронам па аўтобусе з дзецьмі? Тым больш што тое ж самае можна было б зрабіць ударным беспілотнікам сярэдняй далёкасці”.
Каваленка таксама выказаў меркаванне, што нядаўнія выбачэнні Лукашэнкі перад Зяленскім маглі быць балюча ўспрынятыя ў Крамлі. На яго думку, там маглі паспрабаваць паставіць беларускага кіраўніка “на месца” з дапамогай правакацыі тэрарыстычнага характару.