Аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы (спачатку паведамлялася пра тое, што юныя футбалісты – з Гомеля) трапіў пад атаку беспілотніка ў Бранскай вобласці Расіі. Пра гэта паведаміў выконваючы абавязкі губернатара рэгіёна Ягор Кавальчук.
Паводле расійскага боку, аўтобус рухаўся ў бок чарнаморскага курорта Геленджык, дзе дзеці павінны былі правесці адпачынак. У выніку атакі загінула жанчына, якая суправаджала групу. Яшчэ шэсць чалавек атрымалі раненні, сярод іх чацвёра дзяцей. Пацярпелых даставілі ў бальніцу, астатніх удзельнікаў паездкі абяцаюць вярнуць дадому.
Следчы камітэт Расіі ўжо заявіў пра ўзбуджэнне крымінальнай справы паводле артыкула аб тэракце. Афіцыйныя расійскія структуры сцвярджаюць, што ўдар быў нанесены беспілотнікам украінскіх узброеных сіл.
Асобную ўвагу прыцягвае маршрут паездкі. Паводле паведамленняў, дзеці ехалі на адпачынак у Геленджык на расійскім Чарнаморскім узбярэжжы. У апошнія гады Гомельшчына ўжо неаднаразова фігуравала ў гісторыях з арганізаванымі паездкамі дзяцей на тэрыторыю Расіі і анексаванага Крыма. Асаблівую вядомасць атрымаў праект адпраўкі беларускіх школьнікаў у лагер “Артэк”, які знаходзіцца на акупаванай тэрыторыі Крыма і трапіў пад міжнародныя санкцыі.
Звяртае на сябе ўвагу і тое, што інфармацыя пра інцыдэнт практычна адначасова з’явілася ва ўсіх асноўных дзяржаўных беларускіх і расійскіх медыя. Пры гэтым акцэнт паўсюль робіцца на тым, што гаворка ідзе менавіта пра беларускіх дзяцей, а здарэнне характарызуецца як “тэракт”.
Пакуль няма незалежнага пацверджання ўсіх акалічнасцяў здарэння. Аднак сам факт такой сінхроннай інфармацыйнай кампаніі выглядае паказальна. На фоне працяглай вайны Расіі супраць Украіны падобныя гісторыі могуць выкарыстоўвацца як элемент эмацыйнай мабілізацыі грамадскай думкі і ўзмацнення антыўкраінскіх настрояў.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
Дзяцей адправілі ў «Артэк» на фоне вайны і абстрэлаў Крыма

