26 красавіка, у 40-ую гадавіну катастрофы на ЧАЭС, у Вільнюсе адбудзецца тэатральная чытка ўрыўкаў з кнігі Чарнобыльская малітва Святланы Алексіевіч. Падзея пройдзе ў тэатры Mroj-Hall і пачнецца а 18:00.
У чытцы возьмуць удзел вядомыя беларускія грамадскія дзеячы, актывісты, акторы, а таксама былыя палітвязні. Сярод удзельнікаў — Вольга Павук, актывістка з Гомельшчыны, а таксама Наталля Дуліна, Вольга Такарчук, Сяргей Толсцікаў, Алег Ціткоў, Вольга Чакулаева, Натэла Белугіна, Аляксандр Аўчыннікаў і Наталля Лявонава.
Воля Павук патлумачыла“Штодню”, чаму далучылася да акцыі:
– У мяне вельмі моцная эмацыйная прывязка да твору Святланы Алексіевіч “Чарнобыльская малітва”. Я прачытала гэтую кнігу яшчэ ў юнацтве, і яна аказала на мяне вялікі ўплыў. Пазней, калі я пачала знаёміцца з рознымі людзьмі, у асноўным з замежнікамі, я карысталася сайтам моўнага абмену, шукала сабе суразмоўцаў. І “Чарнобыльская малітва” была адной з першых кніг, праз якія я распавядала пра Беларусь. Памятаю, хлопец з Эквадора прачытаў усе кнігі Святланы Алексіевіч.
Калі Святлана прыязджала на сваю радзіму ў Капаткевічы, гэта недалёка ад нашай Рудобелкі, у мяне нават была магчымасць пазнаёміцца з ёй асабіста. Я ездзіла на сустрэчу, і ў мяне засталася фотакартка, дзе мы размаўляем.
Сваю першую адукацыю я адпрацоўвала ў Хойніках — месцы, якое часта называюць краем свету, побач з зонай. Там я чула шмат гісторый ад мясцовых жыхароў пра эвакуацыю і пра іх асабісты досвед Чарнобыля.
І яшчэ прызнаюся: я ўдзельнічаю ў гэтым праекце, бо мяне запрасіла Каця Пытлева. А я з дзяцінства яе фанатка. Таму для мяне гэта вялікае шчасце быць часткай гэтага праекта.
Воля Павук і Святлана Алексіевіч у Капаткевічах
Чытка адбудзецца на беларускай мове, уваход вольны, але арганізатары заклікаюць да данатаў.
Падзея — частка міжнароднай кампаніі да 40-годдзя катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якую ініцыявалі арганізацыі Зялёная сетка, Экадом і Альянс “Зялёная Беларусь” пры падтрымцы Dialog büro.
Кніга “Чарнобыльская малітва” беларускай нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч заснаваная на сотнях сведчанняў відавочцаў Чарнобыльскай катастрофы, якія аўтарка запісвала пасля аварыі: ад ліквідатараў і пажарных да медыкаў і жыхароў пацярпелых тэрыторый.
Сама Святлана Алексіевіч, нобелеўская лаўрэатка і адна з найбольш вядомых беларускіх аўтарак, пасля 2020 года падверглася ціску з боку беларускіх уладаў і была вымушаная пакінуць краіну. Яе творы забаранілі прадаваць у беларускіх кнігарнях.
Чытаць па тэме:
Палітычная эмігрантка Вольга Павук: “Пасля 24 лютага я ўпершыню стала думаць, што мы можам не вярнуцца менавіта таму, што ў нас хворае грамадства” – Homeldays
Двое нобелеўскіх лаўрэатаў з Гомельшчыны: Святлана Алексіевіч і Алесь Бяляцкі (фотафакт) – Homeldays
Як хавалі першых ахвяраў Чарнобыльскай катастрофы – Homeldays
У свой юбілей Гомельская абласная бібліятэка згадвае расейскіх пісьменнікаў і дзеячаў – Homeldays