Вясенняя паводка ўжо пачалася ў Беларусі. МНС паведамляе пра першыя падтапленні, у зону якіх патрапілі 16 прыватных дамоў і 39 двароў.
У Гомельскай вобласці пацярпеў ад вады адзін двор і адзін дом. Але сітуацыя толькі разгортваецца: паводле звестак Белгідрамета, назіраецца ўстойлівы рост узроўняў вады з інтэнсіўнасцю да 28 см за суткі.
Узровень ракі Прыпяць за тыдзень падняўся на 7 см, пакуль што паказчыкі ракі далёкія ад крытычных.
У Чонкаўскім раёне ідзе будоўля буйной дамбы даўжынёй практычна 4 км, вышынёй 8 м, якая будзе ратаваць ад вады жыхароў пасёлкаў Чонкі, Сеўрукі і Паляны. Як распавёў дзяржтэлеканалу дырэктар Упраўлення капітальнага будаўніцтва Гомельскага раёна Аляксандр Палякоў, зараз там ідуць пускавыя работы, «плануюць у бліжэйшы тыдзень на гэтым паставіць кропку».
Усяго, па звестках раёнкі, ў Гомельскай вобласці запланавана пабудаваць сем дамбаў, дзве з іх ужо ўведзены ў эксплуатацыю — ва Узе і Красным.
Улады абяцаюць на самых складаных участках разгарнуць пасты МНС і Таварыства ратавання на водах. Хаця раней заяўлялі пра тое, што паводка можа быць моцнай, цяпер са спасылкай на Белгідрамет кажуць пра «сярэднія шматгадовыя значэнні, катастрафічных сцэнароў не прагназуюць».