Жыхары вёскі Уза пад Гомелем працягваюць скардзіцца на непрыемны пах ад гарадскіх ачышчальных збудаванняў. Пасля чарговага звароту мясцовага жыхара сітуацыю пракаментавалі спецыялісты. Іх галоўная выснова: пах сапраўды прысутнічае, але здароўю людзей не пагражае.
Жыхар вуліцы Лясной расказаў дзяржаўнай газеце, што за апошнія гады сітуацыя прыкметна пагоршылася. Паводле яго, праблема патрабуе не чарговых тлумачэнняў, а рэальнага вырашэння. У якасці прыкладу ён прывёў адзін з раёнаў Берасцейскай вобласці, дзе для мадэрнізацыі ачышчальных збудаванняў прыцягнулі інвестара, які наладзіў здабычу метану. Гэта дазволіла не толькі паменшыць пах, але і атрымаць дадатковы прыбытак.
У ГП “Гомельводаканал” паведамілі, што на ачышчальных збудаваннях цяпер ідзе рэканструкцыя з укараненнем новага абсталявання і сучасных тэхналогій. Такім чынам, праблему абяцаюць вырашыць у будучыні.
Пакуль жа жыхарам прапануюць не хвалявацца. Паводле вынікаў шматгадовых вымярэнняў, канцэнтрацыі аміяку, серавадароду і метану ў жылой забудове не перавышаюць дапушчальных нормаў. Аналагічныя высновы зрабілі і спецыялісты абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі.
Такім чынам, афіцыйная пазіцыя выглядае даволі простай: пах ёсць, дыскамфорт таксама ёсць, але небяспекі для здароўя няма.
Праўда, для жыхароў Узы гэта наўрад ці стане суцяшэннем. Тым больш што вёска ўжо шмат гадоў суседнічае не толькі з ачышчальнымі збудаваннямі, але і з гіганцкім гарадскім палігонам цвёрдых бытавых адходаў.