“Рабіць выгляд, што вайны няма, не выпадае”: выхадцы з Гомельшчыны адрэагавалі на інцыдэнт з абстрэл аўтобуса з беларускімі дзецьмі ў Расіі

Аўтобус з дзіцячай футбольнай камандай з Рэчыцы ў паездцы на мора ў Расію трапіў пад атаку беспілотніка ў Бранскай вобласці РФ. “Штодзень” сабраў рэакцыю на інцыдэнт выхадцаў з Гомельскай вобласці.

 

“Навіна пра тое, што аўтобус з рэчыцкімі дзецьмі патрапіў у Бранскай вобласці пад абстрэл вельмі горкая. Вайна не проста ходзіць побач з межамі Беларусі, а часам і перасякае іх. Рабіць выгляд, што яе няма, не выпадае. У Лоеве, над якім пастаянна лётаюць расійскія шахеды ў бок Украіны, гэта разумеюць. Чаму ж у Рэчыцы не зразумелі”, – напісаў Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, які паходзіць з Гомельшчыны.

Паводле ягонага меркавання, “уся тэрыторыя Расіі зараз патэнцыйна небяспечная для беларусаў”.

“Не трэба туды ездзіць самім, не трэба адпраўляць дзяцей на Чорнае мора ў Краснадарскі край. Там зараз вайна”, – перакананы ён.

“Ці была гэта аперацыя пад “чужым сцягам”, каб абвінаваціць Украіну ў злaчынcтве – цалкам магчыма. Расейцы ўмеюць і любяць рабіць такія правакацыі, а прычыны для іх заўсёды можна знайсці. Прывязаць да сябе Беларусь, а ў лепшым выпадку і падштурхнуць да больш актыўнага ўдзелу ў вaйнe. Ці мог гэта быць удaр украінцаў – магчыма, але ж тэхнічна складана. Характар пашкоджанняў аўтобуса хутчэй кажа пра ўдaр невялікім FРV-дрoнам, а не дpoнам сярэдняй дальнасці. Першы не даляціць так далёка ад украінскай тэрыторыі, а другі робіць значна большыя пашкоджанні”, – тлумачыць актывіст Андрэй Стрыжак.

Ён лічыць, што цяпер гэта нецікава, “калі абодва бакі на 100% упэўненыя ў тым, што дpoн быў супрацьлеглага боку”.

Сама сітуацыя выклікала гарачыя спрэчкі: хто страляў, хто быў у аўтобусе, чаму так мала пацярпеў аўтобус, чаму ён без нумароў. Былі ў сацсетках і тыя, хто прапанаваў магчымасць давезці тых, хто едзе да пацярпелых.

“Тут ёсць бацькі з Беларусі і, у прыватнасці, з Гомельскай вобласці, якія адправілі дзяцей у Геленджык? У вас ёсць запасныя дзеці? Рф пастаянна выкарыстоўвае грамадзянскія аўтобусы ў ваенных мэтах і гэта законная мэта. Што ў вас у галаве наогул??” – запыталася Вольга Павук.

“Тое, што здарылася з гомельскім аўтобусам, больш нагадвае пра мінскае метро, адзінаццатага года. І, па другое, якім трэба быць даўб***ам везці дзяцей у аўтобусе праз Бранск? Хто панясе адказнасць???” – запытаўся актывіст з Гомеля Барыс Анікеў.

“У такіх хопіць мазгоў дзяцей на канікулы і ў Іран адправіць. Галоўнае потым знайсці на каго перакласці адказнасць. Не трэба ехаць ні ў Геленджык, ні ў Туапсэ, ні ў Анапу, ні ў Сочы! Тое, што па рос.ТБ называюць “хлапкамі” і дэбільнымі абрэвіятурамі (тыпу сво), на мове нармальных людзей называецца вайна. І яна ідзе ўжо пяты год. Проста зараз і на тэрыторыі РФ”, – напісала Т.Б.

“З Бранска не лятаюць дроны? Лятаюць. Дзе доказы, што гэта ўкраінскі?” – спытала Ц.

“Гэта ўсё роўна, што падчас Другой сусветнай у Германію на экскурсію адправіць”, – перакананы К.К.

“Спыніць усялякія паездкі дзяцей у ваюючую краіну, гэта небяспечна для іх жыцця і здароўя”, – прапанавала Р.Р.

“Хто ў здаровым розуме паедзе ў РФ, калі там незразумела што адбываецца”, – напісаў С.С.

“Хай лепш усё лета будзе дома, але не пад зброю адпраўляць дзіця з думкамі,, нас пранясе”, – перакананы С.Л.

“Гэта ж наколькі трэба не цікавіцца палітыкай”, – рэзюміраваў А.

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць