Прыпяць каля Мазыра 6 кастрычніка апусцілася да адзнакі мінус 4 сантыметры над нулём гідрапоста. Паводле архіва сэрвісу Allrivers, які спасылаецца на даныя Белгідрамета, гэта найніжэйшы ўзровень, зафіксаваны тут менавіта ў гэты дзень за ўвесь перыяд назіранняў. Сярэдняя адзнака для 6 кастрычніка — гэта 79 сантыметраў, а ў 2008 годзе яна дасягала ажно 185 сантыметраў.

Гэта важная, але не самая сенсацыйная частка гісторыі. Мінус 4 сантыметры — не гістарычны мінімум Прыпяці ўвогуле: абсалютны мінімум у архіве Allrivers складае мінус 21 сантыметр і прыпадае на 11 верасня 2015 года. Цяпер мы бачым іншае: пасля лета рака не здолела аднавіць ваду і ўвайшла ў восень з рэкордна нізкай для пачатку кастрычніка адзнакай. Прычына мялення — не толькі мясцовае надвор’е. Прыпяць пачынаецца на Валынскім Палессі ва Украіне і ўжо праз 204 кіламетры перасякае беларускую мяжу. Яе жывіць вялікі вадазбор: Стохід, Стір, Тур’я, Гарынь, Случ, Убарць, Ствіга і іншыя рэкі, басейн якіх ахоплівае сем украінскіх абласцей. Таму тое, што адбываецца ў Валынскай, Ровенскай і Жытомірскай абласцях, непазбежна адгукаецца ў Беларусі.

Узровень Прыпяці ля Борак Жыткавіцкага раёну. Здымак зроблены ў пачатку кастрычніка
Украінскі гідраметцэнтр паведамляе пра гідралагічную засуху ў басейне Прыпяці. Малаводдзе на асобных участках пачалося яшчэ вясной, у чэрвені яно ўжо ахапіла саму Прыпяць каля Рычыцы і Любязя, а таксама Стохід. У канцы верасня сіноптыкі папярэджвалі, што на рэках Валыні, Ровеншчыны і Жытоміршчыны ўзроўні могуць апусціцца да найніжэйшых значэнняў за перыяд назіранняў, а на малых рэках сцёк месцамі можа амаль знікнуць.
Прыпяць — рака Палесся, якая залежыць ад дажджоў, балотаў, грунтовых водаў і малых прытокаў раўніннай Усходняй Еўропы. Менавіта таму доўгі недабор ападкаў, спякотнае лета і высыханне балотных ландшафтаў так хутка адбіваюцца на яе воднасці.
Ёсць і даўняя структурная праблема. Палессе дзесяцігоддзямі асушвалі і рэзалі каналамі. Частка рэк у верхнім цячэнні страціла натуральны выгляд і фактычна была ператвораная ў меліярацыйныя водапрыёмнікі. Такая сістэма хутка скідвае ваду пасля дажджу, але горш утрымлівае яе падчас засухі. Цяперашняе мяленне нельга звесці толькі да меліярацыі, але яна робіць рэгіён значна больш уразлівым да сухіх сезонаў. Адпаведна, сітуацыя з Прыпяццю каля Мазыры — гэта вынік таго, што адбываецца на тысячах кіламетраў рэк і каналаў у Беларусі і Украіне. І антырэкорд 6 кастрычніка паказвае, наколькі крохкім зрабіўся водны баланс усяго Палесся.
Штодзень
Фота: з сацсетак