Найстарэйшыя драўляныя жылыя дамы ў свеце і Беларусі, што захаваліся да нашага часу

Працягласць жыцця драўлянага жылога будынка: рэальныя лічбы

by ZB

У папярэднім тэксце мы разглядзелі працягласць жыцця самых старых драўляных пабудоў у свеце, у Еўропе, у Беларусі і яе суседзяў, у Гомелі і вобласці. Усе яны аказаліся храмамі розных рэлігій і канфесій, якія захоўваліся шмат сотняў год, будучы важнымі культавымі пабудовамі ў сваім рэгіёне. А таму да іх і было спецыяльнае стаўленне. Цікава, а як справа з простымі жылымі дамамі звычайных (ці не звычайных) жыхароў?

Большасць драўлянай архітэктурнай спадчыны, якая ўсё яшчэ захавалася ў Беларусі да нашага часу, прадстаўленая менавіта драўлянымі жылымі будынкамі. Шматлікія гаспадарчыя і прамысловы пабудовы Беларусі, як правіла, даўно сышлі ў нябыт – млыны, гумны, хлявы, шпіхлеры, каморы і іншыя, а з жылых будынкаў яшчэ нешта засталося.

Найстарэшыя драўляныя дамы ў Еўропе

Увогуле найстарэйшым драўляным домам у Еўропе і свеце з’яўляецца пабудова ў Даніі, на востраве Стрэймой, які ўваходзіць у склад Фарэрскіх астравоў. Будынак мае назву «Каралеўская ферма» і быў узведзены ў ХІ ст. З 1550 г. у будынку жыве сям’я Патурсанаў (зараз 17-е пакаленне), але афіцыйна будынак належыць дацкаму каралю, а Патурнасы толькі арандатары. На самім востраве дрэвы не растуць, таму будынак быў узведзены з прывазнога леса і да яго вельмі беражліва ставіліся, што і дапамагло будынку захавацца да нашага часу. Гледзячы на яго фотаздымкі, звяртае ўвагу традыцыйны для Паўночнай Еўропы дах з пакрыццём зямлёй.

Драўляныя жылыя дамы 1425, 1500, 1550-х гг. пабудовы захаваліся ў Нідэрландах (Амстэрдам, Гент), Бельгіі (Мэхелен), Швайцарыі (Люцэрн), 1641 г. у г. Дэдхем, штат Масачусец у ЗША.

Самы стары драўляны жылы дом у Польшчы – гэта дом Гваркаў у вёсцы Ежов Судэцкі, каля горада Еленя Гура ў Судэтах, ваяводства Дольны Шлёнск, недалёка ад мяжы з Чэхіяй (dom Gwarków w Jeżowwie Sudeckim ok. Jelenia Góry, województwo Dolny Śląsk).

Гэты дом быў узведзены ў 1601 г. як месца жыхарства для прыезджых шахцёраў, якія здабывалі ў мясцовых гарах залатую і срэбную руду. Пабудова ўяўляе сабой вялікі прамавугольны дом-карчму традыцыйнай для гэтага кавалка польска-чэшска-нямецкага памежжа фахверкавай канструкцыі, у якой каркас будынка складае сістэма складана пераплеценых драўляных брусоў, прастора паміж якімі запоўнена цэглай і глінай.

Самыя старыя драўляныя жылыя домы ў Беларусі, Украіне і Расеі

Найстарэйшым будынкам, які захаваўся на тэрыторыі Расеі, лічыцца дом Мехавых-Вароніных у горадзе Угліч.

Дакладнай даты яго пабудовы пакуль няма, даследчыкі датуюць яго ўзвядзенне першай паловай XVIII ст., арыентуючыся не толькі на стылістычныя асаблівасці, але і на тое, што будынак пастаўлены паводле старой сярэднявечнай планіроўкі горада, якая існавала да перапланіроўкі Угліча ў 1784 г. У Расеі захаваліся і іншыя жылыя дамы таго ж стагоддзя, напрыклад дом Шубіна ў Іркуцку, узведзены ў канцы XVIII ст., які некалькі гадоў таму цалкам разабралі і перабралі падчас рэстаўрацыі. Таксама захавалася і вялікая колькасць будынкаў першай паловы ХІХ ст.

Самы стары драўляны жылы будынак ва Украіне – гэта дом з вёскі Самары на Валыні (Ковельскі раён), якая знаходзіцца за некалькі кіламетраў ад мяжы з Беларуссю, насупраць беларускай вёскі Дывін, Кобрынскага раёну Брэсцкай вобласці.

Гэты будынак быў выяўлены ўкраінскім архітэктарам Сэргіем Вэрговськім у 1970 г. і цяпер захоўваецца ў Нацыянальным музеі народнай архітэктуры і побыту Украіны ў Пірогах пад Кіевам. Дом уяўляе сабой традыцыйную для Палесся зрубную прамавугольную курную хату пад двухсхільным саламяным дахам, без сеняў і з маленькімі вокнамі. На сцяне будынка выразана дата – 1587 год.

Але большасць вядомых самых старых драўляных жылых будынкаў Украіны адносіцца да сярэдзіны ХІХ ст. Да 1850 г. пабудовы, напрыклад, чарнігаўскія даследчыкі адносяць дом на вуліцы Варзара 12 у Чарнігаве.

Гэтая дата рэканструявана паводле архіўных і стылістычных даследаванняў, але яна ў прынцыпе перагукваецца і з датай пабудовы самага старога выяўленага драўлянага жылога дома суседняга з Чарнігаўшчынай Гомеля (1860 г.).

Самым старым вядомым жылым драўляным будынкам у Беларусі з’яўляецца лямус брыгіцкага манастыра ў Гродна.

“Лямус” – гэта гаспадарчая пабудова для захоўвання рознай маёмасці, аднак, мяркуючы па ўнутранай планіроўцы ў гродзенскім лямусе, на другім паверсе былі жылыя пакоі. Доўгі час лічылася, што гэты будынак быў узведзены разам з каменнымі будынкамі самога брыгіцкага кляштара ў 1640-х гг., аднак у апошні час гродзенскія даследчыкі пасунулі дату яго ўзвядзення на час паміж 1753 і 1780 гг., магчыма ў 1769 г.

Самы стары драўляны жылы будынак Гомеля

Самы стары існуючы драўляны жылы будынак Гомеля і, мабыць, усёй Гомельскай вобласці, захаваўся на вуліцы Партовай 9, які паводле матэрыялаў архіва Гомельскага бюро рэгістрацыі і зямельнага кадастру быў узведзены ў 1860 г.

Мяркуючы па даце ўзвядзення, ён быў пастаўлены па выніках вялікага пажару Гомеля 1856 г., у якім згарэла большая частка драўлянага горада першай паловы ХІХ ст. Дом ужо часткова ўрос у зямлю, але працягвае і сёння спраўна выконваць свае першапачатковыя функцыі. Трохі маладзейшыя за яго па ўзросце шматлікія будынкі 1870-1880-х гг. яшчэ існуюць на вуліцах Парыжскай камуны, Шпітальнай, Пралетарскай, Украінскай і іншых. Менавіта ў гэтых будынках увасобленыя і сёння яшчэ захоўваюцца шматвекавыя традыцыі будаўніцтва з дрэва нашых продкаў. Менавіта ў гэтых жа будынках захоўваецца і своеасаблівая традыцыя мясцовага архітэктурнага дэкору, самага яркага з усёй Беларусі.

Праблемы

Большасць вядомых даследчыкам самых старых драўляных жылых будынкаў Беларусі адносіцца да другой паловы – канца ХІХ ст. Магчыма, у Беларусі ёсць і іншыя старыя будынкі, ранейшыя за 1860 г., але інфармацыі аб іх датыроўцы няма. У Беларусі, як і ва Украіне і Расеі, увогуле не наладжаная сістэма датавання старых будынкаў метадам дэндрахраналагічнага аналізу і выкарыстання атрыманых дадзеных у навуковых і турыстычна-экспазіцыйных мэтах. З іншага боку, беларускае “ноў-хаў” – праграма па зносу безгаспадарчага і старога жылля, не пакідае шанцаў на выпадковае захаванне дзе-небудзь на Палессі і выяўленне ў час экспедыцый старых будынкаў, накшталт вышэйзгаданага выпадку з хатай 1587 г. у вёсцы Самары на Валыні. Нідзе ў Беларусі пры зносе старых невыкарыстоўваемых і безгаспадарчых будынкаў не праводзіцца іх папярэдняе абследаванне на пытанне мастацка-гістарычнай каштоўнасці, магчымасці выкарыстання ў турыстычна-экскурсійных мэтах: іх тупа зносяць раённыя ўлады.

Але нават і без праграмы зносу старога і безгаспадарчага жылля наша краіна губляе свае драўляныя помнікі. Некалькі месяцаў таму была знесена драўляная сядзіба князёў Мяшчэрскіх у Клімавічах (Магілёўскай вобласці), пабудаваная ў 1867 г.

Будынак меў ахоўны статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Беларусі і з’яўляўся адзіным рэальным прывабным помнікам ва ўсім Клімавіцкім раёне, ягонай візітоўкай. Але, нягледзячы на гэта, зімой 2024 г., у час падрыхтоўкі горада да правядзення “Дажынак”, сапраўдны аўтэнтычны драўляны будынак быў цалкам знесены, матывуючы тым, што паводле экспертнага заключэння ягоныя драўляныя канструкцыі мелі 80% зносу. Цяпер на месцы аўтэнтычнага будынка ўзведзены з дрэва ягоны муляж, у якім будуць выкарыстаны некалькі аўтэнтычных бярвенняў ва ўнутраных сценах для надання навабуду эмацыйнай сувязі з папярэднім архітэктурным творам нашых продкаў.

Цікава, колькі працэнтаў зносу канструкцый далі б тыя ж эксперты, напрыклад, лямусу брыгіцкага манастыра ў Гродна, ці таму ж дому 1587 г. з валынскага Палесся? Гэтая беларуская чынавенская звычка тупа трымацца голых лічбаў можа запраста пазбавіць нашу краіну ўсіх гістарычных драўляных будынкаў. Бо як расказваў мне спецыяліст з аднаго Бюро рэгістрацыі і зямельнага кадастру, паводле іх сістэмы падлікаў афіцыйны знос будынка набірае прыблізна 1 % у год. Гэта значыцца для валынскай хаты ў музеі знос павінны быў бы складаць недзе каля 430 %, а для гродзенскага лямуса ніяк не менш 240 %.

Але, нягледзячы на такія лічбы, дадзеная акалічнасць у свой час не перашкодзіла адрэстаўраваць пры дапамозе польскіх спецыялістаў гродзенскі лямус (і там цяпер збіраюцца зрабіць музей традыцыйнага побыту). І менавіта яна ж перашкодзіла беларускім спецыялістам так жа сама адрэстаўраваць сядзібу Мяшчэрскіх у Клімавічах. Адрэстаўраваць, а не зрабіць муляж з сучасных матэрыялаў. Магчыма, тут насамрэч справа не ў працэнтах зносу канструкцый, а ў дасведчанасці і разумовых здольнасцях (не)зацікаўленых асоб?

 

Мова Гомель  
Аўтар: Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства

 

 

 

ВАМ ТАКСАМА МОГУЦЬ СПАДАБАЦЦА

homeldays_logo_main.png