Праз 30 гадоў — з беларускімі гасцінцамі. Сустрэча дальнабойшчыка з італьянскай сям’ёй запусціла флэшмоб успамінаў

Беларускі дальнабойшчык Ігар заехаў да італьянскай сям’і, у якой шмат гадоў гасцяваў у дзяцінстве, і прывёз ёй беларускія прадукты. Відэа эмацыйнай сустрэчы нечакана адгукнулася сотням беларусаў. У каментарах яны пачалі прыгадваць уласныя паездкі ў Італію па чарнобыльскіх праграмах і людзей, якія праз дзесяцігоддзі па-ранейшаму застаюцца для іх “другімі мамамі і татамі”.

“Калі я быў дзіцём, восем гадоў запар ездзіў у адну італьянскую сям’ю”, — распавёў у сацсетках карыстальнік dorofeev_travel.

Пасля доўгага перапынку Ігар вырашыў зрабіць сюрпрыз свайму “італьянскаму бацьку” і прыехаць на ягоны юбілей. Пра задуму ведаў толькі “італьянскі брат”, які сустрэў беларуса ў аэрапорце. Каб бацькі нічога не западозрылі, пры першай сустрэчы Ігар нават прадставіўся дастаўшчыкам піцы.

“Яны ўвогуле не чакалі мяне ўбачыць. А гэтае відэа — наша першая сустрэча праз дзевяць гадоў”, — напісаў ён.

Пазней беларус паказаў працяг. Да сям’і ён прыехаў ужо з беларускімі прадуктамі. Асабліва эмацыйнай атрымалася сустрэча з “італьянскай мамай”: гледачы звярнулі ўвагу, што яна амаль адразу пазнала Ігара па голасе.

Цяпер беларус працуе дальнабойшчыкам і ездзіць па ўсёй Еўропе. Калі маршрут праходзіць непадалёк ад ягонай італьянскай сям’і, з’явілася магчымасць зноў наведаць людзей, з якімі звязана значная частка дзяцінства.

“Станавіліся другімі мамамі і татамі”

Гісторыя Ігара закранула цэлае пакаленне беларусаў, дзяцінства якіх прыпала на 1990-я і пачатак 2000-х. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС дзяцей з пацярпелых рэгіёнаў Беларусі і Украіны прымалі сем’і ў Італіі.

“Вельмі шмат сем’яў па ўсёй Італіі прымалі дзяцей. Італьянцы часта запрашалі адно і тое ж дзіця па некалькі разоў, ажно да паўналецця. Яны бачылі, як яно расце, і станавіліся другімі мамамі і татамі”, — прыгадвае Людміла.

Паводле яе, цяпер тыя дзеці даўно выраслі, стварылі ўласныя сем’і, але многія працягваюць сябраваць з італьянцамі і ездзіць адно да аднаго ў госці.

У каментарах пад відэа пачалі з’яўляцца дзясяткі падобных успамінаў.

“Сёлета было 30 гадоў з моманту маёй першай паездкі ў Італію. Збіраліся з мужам ляцець у верасні, але не змаглі атрымаць візу. За вас вельмі рада!” — напісала адна з беларусак.

Іншыя проста прызнаваліся: “Слёзы навярнуліся”, “Божа, я аж расчулілася”, “Як жа класна!”

Дальнабойшчык выпадкова апынуўся за два кіламетры ад сваёй сям’і

Аказалася, што гісторыя Ігара мае амаль дакладныя паўторы. Аляксандр расказаў, што ездзіў у Італію з 1997 па 2004 год. Потым былі вучоба, праца, жаніцьба. У 2013-м ён наведаў італьянскую сям’ю ўжо разам з жонкай, а потым доўгі час сустрэцца не атрымлівалася.

У 2022 годзе Аляксандр стаў працаваць кіроўцам па Еўропе — і аднойчы атрымаў ад лагіста каардынаты загрузкі.

“Усяго за пару кіламетраў ад маіх “італьяшак”! Я вырашыў заехаць без папярэджання. Было вельмі хвалююча і эмацыйна. Дзеля такіх момантаў варта жыць на сто працэнтаў!”

Яшчэ адна беларуска расказала, што яе сувязь з італьянскай сям’ёй ужо пераходзіць у наступнае пакаленне. Яна ездзіла ў Рым з васьмі да сямнаццаці гадоў — з 1994 па 2003 год.

“Я да сваіх італьянцаў нават мужа вазіла на ўхваленне, так бы мовіць. Цяпер хачу яшчэ і дачку завезці — даўно з імі не бачыліся”, — напісала яна.

Упершыню ў Італію беларуска трапіла вясной 1994 года па чарнобыльскай праграме. Правяла там два месяцы, хадзіла ў мясцовую школу і, паводле яе слоў, вельмі хутка вывучыла мову.

“А што яшчэ было рабіць у восем гадоў у Рыме, у італьянскай сям’і без ведання італьянскай?” — жартуе яна.

І дадае: “Мне здаецца, у нас палова Беларусі ездзіла па чарнобыльскай праграме ў італьянскія сем’і”.

А эмацыйнасць самой сустрэчы Ігара аказалася зразумелай нават без перакладу.

“Я не ведаю італьянскай мовы, але чаму я разумею ўсё, што яны гавораць???” — напісала яшчэ адна карыстальніца.

Так некалькі відэа беларускага дальнабойшчыка фактычна ператварыліся ў флэшмоб памяці цэлага пакалення. Дзеці, якія ў 1990-я і 2000-я ехалі ў Італію на некалькі тыдняў ці месяцаў, сёння самі маюць сем’і, дзяцей і ездзяць па Еўропе на працу. А некаторыя вязуць да сваіх “італьянскіх мам і тат” ужо мужоў, жонак і дзяцей. І, магчыма, гэта адзін з самых нечаканых доўгатэрміновых вынікаў паслячарнобыльскіх праграм: аздараўленчыя паездкі скончыліся, дзеці выраслі, але чалавечыя сувязі, якія тады ўзніклі паміж беларускімі і італьянскімі сем’ямі, у многіх выпадках перажылі дзесяцігоддзі.

Даведка.

Праграмы па аздараўленні за мяжой дзяцей (якія ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС сталі адной з самых уразлівых катэгорый) на Гомельшчыне з’явіліся неўзабаве пасля аднаўлення незалежнасці Беларусі. Малеч адпраўлялі ў Іспанію, Францыю, Англію, Бельгію, але больш за ўсё сямей, ахвотных прыняць на канікулы жыхароў забруджаных радыяцыяй тэрыторый, было ў Германіі і Італіі. Чаму далёкая (і ўмоўна багатая, калі параўноўваць з Нямеччынаю) краіна апынулася на першым месцы па колькасці прынятых беларускіх дзетак?

Цягнікі шчасця

Магчыма, адказ можна знайсці ў гісторыі самой Італіі. Бо быў момант, калі дапамогі востра патрабавалі дзеці саміх італьянцаў, і практыка часовай перадачы непаўналетніх у іншыя сем’і тутэйшаму насельніцтву добра знаёмая.

Гістарычна Поўдзень Італіі меў горш развітую гаспадарку, чым Поўнач. Гэта стала відавочным пасля аб’яднання княстваў і рэспублік апенінскай паўвыспы ў адзіную краіну ў сярэдзіне ХІХ ст., але да Другой сусветнай вайны падцягнуць гаспадарку Апуліі ці Кампаніі да ўзроўню Ламбардыі ці Лігурыі не атрымалася. Пасля ваеннага ліхалецця шмат сямей на поўдні Італіі апынуліся за мяжой галечы і былі не ў стане ўтрымоўваць сям’ю (традыцыйна шматдзетную). Бюджэт аслабленай вайной дзяржавы абцяжарвалі выдаткі да аднаўленне дарог і гарадоў, магчымасці сацыяльных выплат на ўтрыманне дзяцей наўпрост не існавала. Каб уратаваць маленькіх італьянцаў, іх пачалі адпраўляць у лепей забяспечаныя сем’і на поўначы краіны. Так паўстала ініцыятыва Treni della felicità (Цягнікі шчасця).

Фота: Вікіпедыя

У адрозненне ад маленькіх жыхароў Гомеля, якія адпраўляліся ў Еўропу выключна на вакацыі, італьянскія дзеці пераязджалі да “новай сям’і” на куды больш працяглы перыяд Планавалася, што як толькі эканамічны стан бацькоў палепшае, дзеці вернуцца. У некаторых выпадках на гэта патрэбна было 4–6 месяцаў, часам – некалькі год, асобныя ж дзеці заставаліся ў новых сем’ях назаўсёды.

Цягнікі шчасця навучылі італьянцаў не быць пасіўнымі там, дзе дзяржава не дае рады, а самаарганізацыя і валанцёрства здольныя вырашыць праблему. Мабыць рэха цяжкага перыяду ўласнай гісторыі і натхніла шматлікія італьянскія сем’і не заставацца абыякавымі да Чарнобыльскай трагедыі. Добра было б, каб і беларусы не забыліся на гэтую частку сваёй гісторыі.

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:

“Гэта была казка для мяне”. Як дзяўчынка з Гомеля трапіла ў Італію пасля Чарнобыля

Як Індыя прымала дзяцей з Гомельшчыны пасля катастрофы

Італьянскі фільм “Буслы Чарнобыля” пра беларускіх дзяцей здабывае прызы

Related posts

“Размова запісваецца”. Гамяльчанін паскардзіўся на ваду, а ў 115 зрабілі заўвагу яму самому

Старадаўнія строі і народныя танцы: Ларыса Шчыракова запрашае на этнафотасэты ў Беластоку

“Горшых дарог няма нідзе ў Беларусі”. Мазырчукі абмяркоўваюць ямы, якія перажылі змену кіраўніка