“Большую частку юнацтва правёў за кратамі”. Мікіта Залатароў збірае сродкі, каб пачаць жыццё нанова

Адзін з самых маладых былых беларускіх палітвязняў, гамяльчук Мікіта Залатароў, адкрыў збор на BYSOL. Пасля амаль шасці гадоў за кратамі і прымусовага вывазу з Беларусі ён спрабуе пачаць самастойнае жыццё ў Літве.

Мікіта Залатароў. Фота: BySOL

 

Мікіту затрымалі ў 2020 годзе, калі яму было ўсяго 16 гадоў. Пасля затрымання ён трапіў у рэанімацыю, затым — у СІЗА. За кратамі Залатароў сутыкаўся са збіццём і катаваннямі, а таксама праблемамі з атрыманнем неабходных лекаў ад эпілепсіі.

У сакавіку 2026 года яго вызвалілі і прымусова вывезлі ў Літву. У Вільнюсе Мікіта апынуўся без пашпарта, працы і сталага жытла. Цяпер яму 22 гады.

“За кратамі я правёў большую частку свайго юнацтва. Пакуль астатнія вучыліся, атрымлівалі навыкі і веды, а таксама першы досвед працы, я гэтага рабіць не мог”.

На што патрэбныя грошы?

Мікіта збірае 5128 еўра. Галоўная мэта — атрымаць прафесію і магчымасць забяспечваць сябе самастойна:

3500 еўра — навучанне на барбера ў SYNTH Akademija ў Вільнюсе;
1000 еўра — арэнда жылля на два месяцы;
500 еўра — аўташкола;
128 еўра — лекі ад эпілепсіі на год.

“Я не хачу пастаянна залежаць ад чужой дапамогі. Я хачу вучыцца, працаваць і паступова самастойна забяспечваць сябе”, — тлумачыць Мікіта.

Тым часам за кратамі застаецца ягоны бацька Міхаіл Лапуноў, які шмат гадоў змагаўся за вызваленне сына. Яго самога затрымалі ў 2023 годзе, а пазней асудзілі на пяць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Важна: рабіць ахвяраванні з беларускіх і расійскіх банкаўскіх картак небяспечна праз рызыку пераследу. BYSOL прызнаны беларускімі ўладамі “экстрэмісцкім фармаваннем”.

Падтрымаць Мікіту Залатарова на BYSOL

Штодзень

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя