Прапагандыст Раман Пратасевіч абвінаваціў рагачоўскага актывіста з неадназначнай рэпутацыяй Дзяніса Дашкевіча ў тым, што той рыхтаваў замах на дзяцей дэмакратычнага палітыка Святланы Ціханоўскай. У каментарах “Нашай Ніве” той не адмовіў, што мог пра гэта сказаць, але сцвярджае, што выконваць пагрозу не планаваў.

Дзяніс Дашкевіч апынуўся ў цэнтры шырокага грамадскага рэзанансу пасля заяў дзяржаўнай прапаганды і ўласных каментароў у медыя.
Пратасевіч прама кажа, што гэта і ёсць той тэракт, пра які Мінск папярэджваў Варшаву. Прапагандыст сцвярджае, што Дзяніс Дашкевіч хацеў “забіць дзяцей” Святланы Ціханоўскай “рукамі ўкраінцаў”, а потым “зрабіць палітычную заяву і здзейсніць суіцыд”. Увязаў ён гэта з тым, што рагачоўскага актывіста польскія ўлады прызналі пагрозай нацыянальнай бяспекі і абяцалі дэпартацыю.
Дашкевіч у каментары “Зеркалу” прызнаў: “Я быў у такім стане шоку, стрэсу, што я сапраўды мог напісаць, што заб’ю дзяцей Ціханоўскай. Так, гэта насамрэч мела месца быць”. Ён распавёў пра праверку польскіх спецслужбаў і папрасіў прабачэння ў Святланы.
“Думаю, што гэта чалавек, які моцна заблытаўся ў сваім жыцці і нарабіў шмат кантраверсійных спраў, заяў і г.д. Спрабаваў прапятляць, увесь час круціўся, і як вынік – прайграў паўсюль”, – пракаментаваў падзеі “Штодню” гомельскі актывіст Андрэй Стрыжак.
У 2023 годзе вялікі рэзананс выклікала заява былога рэдактара “Рагачоў Анлайн” Дзяніса Дашкевіча аб адмове ад беларускага грамадзянства. Аднак актывісты са стажам на Гомельшчыне лічаць яго неадназначнай асобай. Чаму?
Рагачоўскі актывіст у свой час прад’яўляў прэтэнзіі і нават судзіўся з гомельскім праваабаронцам і былым палітвязнем Леанідам Судаленкам. Але пазней папрасіў прабачэння.
“З аднаго боку, я задаволены. Мы знаходзімся ў дэмакратычных краінах, дзе працуе закон і ў Дзяніса іншага выбару не было! Тут, як кажуць, факты і доказы на стол! З іншага боку, казаў і яшчэ раз кажу, у мяне асабіста да гэтага чалавека няма даверу. Тыя, хто ў Варшаве, хто побач – асцерагайцеся, не давярайце ці правярайце!” – напісаў тады Судаленка.