У 1961 годзе гістарычную назву мястэчка Шацілкі (Шацілавічы) савецкія ўлады адкінулі і стварылі горад Светлагорск. Прычына? Дакладна невядома, але якраз перад гэтым у мястэчку пабудавалі электрастанцыю.

Помнік заснавальніку Шацілак шляхціцу Раману Шацілу ў Светлагорску. Фота: wikivoyage.org
Уладам СССР тады было без розніцы, што Светлагорск ужо быў на той момант у Калінінградскай вобласці Расіі (яго далі замест нямецкай назвы Раўшэн).
Пры гэтым ў беларускім Светлагорску стаіць помнік меркаванаму заснавальніку горада шляхціцу Раману Шацілу, які лічыцца першым вядомым жыхаром Шацілавічаў (з 1560 года). Ён атрымаў у карыстанне маёнтак Шацілінскі Востраў.
У 1980-я мясцовая гістарычна-культурная суполка “Поўня” звярталася да камуністаў з просьбай вярнуць Светлагорску гістарычную назву, але прапанову адкінулі.
У Светлагорску нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі пражыў дзяцінства і закончыў школу. Таксама з-пад Светлагорску паходзіць дэпутат Вярхоўнага Савету і журналіст Ігар Гермянчук (памёр у 2002 годзе).
Горад быў адным з цэнтраў беларускага нацыянальнага адраджэння. У 1993-2001 гг. у Светлагорску існаваў беларускамоўны агульнаадукацыйны гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. На хвалі русіфікацыі ён быў закрыты, класы былі пераведзеныя ў школу.
У 1990-ыя Светлагорск быў вядомы дзякуючы вялікаму ўзроўню захворвання на ВІЧ/СНІД і наркаманіі, але на гэты момант такая слава сышла ў мінулае. На сёння ў горадзе жывуць больш за 60 тысячаў людзей, але колькасць насельніцтва зніжаецца.