Памёр гомельскі прапагандыст Станіслаў Галкоўскі

31 кастрычніка памёр Станіслаў Галкоўскі — былы намеснік галоўнага рэдактара “Гомельскіх ведамасцяў” і вядоўца дзяржаўнага тэлебачання. Пра яго смерць паведамілі родныя і блізкія на ягонай старонцы ў Facebook. Прычына смерці ў паведамленні не называецца. У апошнія месяцы прапагандыст публікаваў у сацсетках дэпрэсіўныя паведамленні, у якіх скардзіўся на тое, “што яго ўсё дастала”.

Галкоўскі. Фота: з ФБ-акаўнта Галкоўскага

 

Галкоўскі шмат гадоў працаваў у дзяржаўных медыя, пісаў для “Советской Белоруссии”, а з канца 2021 года займаў пасаду намесніка галоўнага рэдактара “Гомельскіх ведамасцяў”. На тэлеканале “Беларусь 4. Гомель” вёў праграму “Мнения”.

Пасля 2020 года ён актыўна падтрымліваў афіцыйны парадак дня: крытыкаваў палітычных эмігрантаў, настальгаваў па СССР і змяншаў значэнне сталінскіх рэпрэсій. У адным з матэрыялаў называў рэпрэсіі трыццатых гадоў у Гомелі “кропляй у моры” ў параўнанні з нацысцкімі злачынствамі.

Аднак напрыканцы 2022 года ягоная кар’ера ў гомельскіх дзяржаўных медыя перарвалася. Паводле тагачасных паведамленняў, Галкоўскі трапіў пад звальненні на абласным тэлебачанні. З “Гомельскіх ведамасцяў”, як раней высветліў “Штодзень”, сышоў па ўласным жаданні. Пасаду намесніка галоўнага рэдактара заняў былы кіраўнік аддзела грамадскіх сувязяў абласной міліцыі, падпалкоўнік Віталь Прыстромаў.

У верасні 2026 года “Штодзень” пісаў, што Галкоўскі стаў аўтарам “Белорусской лесной газеты” — галіновага выдання сістэмы Мінлясгаса. Замест палітычных калонак ён публікаваў матэрыялы пра лес і жывёл, у тым ліку пра сяброўства дзікага аленя з хатнім канём пад Жлобінам.

Развітанне са Станіславам Галкоўскім адбудзецца 3 лістапада а 11:00 у памінальнай зале на вуліцы Цыялкоўскага, 121 у Гомелі.

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
Станіслаў Галкоўскі піша пра аленяў – дзе працуе прапагандыст

Related posts

Улады пацвердзілі блокпасты пад Гомелем, але не растлумачылі ахову Зябраўкі і Каранёўкі (відэа)

Рэдакцыя найбуйнейшай прапагандысцкай газеты Гомельскай вобласці амаль цалкам засакрэчаная

Страчаная памяць гомельскіх паркаў