Навіны горада

“Уступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі”, “спала, седзячы на падлозе”: прычыны, па якіх палітзняволеных жанчын у гомельскай калоніі адпраўляюць у ШІЗА

Аналіз правялі праваабаронцы з ПЦ “Вясна”, засноўваючыся на пастановах, па якіх супраць палітвязняў узбуждаюць крымінальныя справы за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Па гэтым артыкуле тэрміны дадалі тром палітзняволеным жанчынам: Алене Гнаук, Паліне Шарэндзе-Панасюк, Вікторыі Кульшы. Пры гэтым Паліну і Вікторыю асудзілі ўжо двойчы.

Прычыны, за якія можна патрапіць у ШІЗА калоніі №4: “спала, седзячы на падлозе, паклаўшы галаву на тумбу для сядзення”; “выконвала фізічныя практыкаванні лежачы на падлозе ў забаронены час, зняўшы адзенне”; “расшпіліла пінжак”; “знішчыла ліст, напісаны да дачкі”; “выйшла ў туалет, не папярэдзіўшы”; “была няветлівая з супрацоўнікамі папраўчай установы”, “уступіла ў камунікацыю з іншымі асобамі”; “пры адкрыцці дзвярэй камеры не ўстала, не прывіталася, не назвалася”, “адмовілася прыбраць рэчы з батарэі”.

“Дысцыплінарныя спагнанні ў дачыненні да палітвязняў амаль заўсёды з’яўляюцца адвольным і палітычна матываваным пераследам. Гэта адзін са спосабаў ціску, які дазваляе бясконца ўтрымліваць вязня ў зняволенні”, — падкрэслілі праваабаронцы.

Праваабаронцы шмат гадоў патрабуюць выключэння артыкула 411 (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) з Крымінальнага кодэкса.

Штодзень