Навіны горада

Транспартныя монстры Гомельшчыны

У гарадскім транспарце можна сустрэць не толькі зайцаў, але і монстраў. Да такой высновы прыйшлі ў Варшаве год 8 таму і ў гумарыстычнай форме правялі акцыю па павышэнню культуры пасажыраў з заклікам не быць монстрам. “Штодзень” вырашыў пашукаць монстраў у гомельскіх аўтобусах і тралейбусах. Ці даводзілася вам бачыць каго з апісаных персанажаў?

Такія плакаты можна было пабачыць у варшаўскім грамадскім транспарце

БАЎБАТУН НЯСПЫННЫ

Увесь час размаўляе па сотавым. Астатнія пасажыры вымушаны слухаць, чым ён снедаў, што глядзеў па ТБ ці якія крывыя ногі ў яго суседкі.

УЛЯЗУН ПАСПЕШНЫ

Як толькі да прыпынку падыходзіць транспарт, становіцца пасярод дзвярэй, каб адразу пачаць улазіць унутр. Трохі збочыць, каб выпусціць выходзячых, не здагадваецца.

АБДЫМУН НЕРУХОМЫ

Прыціскаецца да поручняў усім целам, так, што ніхто іншы не можа за іх трымацца.

МЕЛАМАН НЯЗНОСНЫ

Уключае музыку без навушнікаў і не заўважае незадаволеных твараў тых, хто вымушаны слухаць ягоны шансон ці прымітыўную папсу.

ПРЫДЗВЕРНІК НЯЧУЙНЫ

Не плануе выходзіць на бліжэйшых прыпынках, але не праходзіць углыб салону. Незадаволена бурчыць, калі давозіцца адсоўвацца кожны раз, як дзверы адчыняюцца, каб прапусціць кагосьці.

ЛАЯНШЧЫК ГУЧНЫ

Лічыць неабходным прадэманстраваць пасажырам глыбіню сваіх ведаў расейскай лаянкі. Кепскія словы прамаўляе голасна і часта.

Штодзень