318
Сенсацыйная знаходка археолагаў на гарадзішчы Менка як адлюстраванне магічнай логікі нашых продкаў
Ужо некалькі год археалогію Беларусі ўзбагачаюць навіны з раскопак гарадзішча на рацэ Менка, якое навукоўцамі абгрунтавана лічыцца першапачатковым месцам узнікнення горада Мінска, “прота-Мінскам”.
5 ліпеня беларускія СМІ абляцела чарговая сенсацыйная навіна. Разбіраючы для кансервацыі канструкцыі драўляных клецей, знойдзеных падчас раскопак абарончага вала гарадзішча на Менцы, спецыялісты па кансервацыі дрэва гомельскага прадпрыемства “Транс-цэнтр” выявілі на адным з бярвёнаў зааморфную фігуру. Гэтай драўлянай скульптурнай выяве каля тысячы гадоў. І гэта сапраўды сенсацыя для Беларусі, бо такіх фігур такога часу ў краіне болей не знаходзілі.
Першым пра гэта напісала расійскае выданне SPUTNIK. Згодна яму, загадчык аддзела археалогіі Сярэдніх вякоў і Новага часу Інстытута гісторыі НАН Андрэй Вайцяховіч паведаміў, што гэтая скульптура выразана на спецыяльнай частцы канструкцыі, якая як крук падпірала знешнюю сцяну клецяў і была засыпана зямлёй так, што яе ніхто не бачыў.
Таксама ён удакладніў, што «Сёння спецыялісты ў Гомелі пачалі адмываць часткі драўляных клецяў і выявілі зааморфную фігуру — гэта можа быць цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба».
У матэрыялах прыводзяцца фотаздымкі гэтай сенсацыйнай знаходкі. Аднак нават пры павярхоўным іх разглядзе выклікае заканамерныя сумневы інтэрпрэтацыя археолага адносна выяўленай фігуры – “цмок або іншая жывёла, у якой ёсць дзюба”.
Не трэба валодаць асаблівымі навыкамі патолагаанатама, каб ідэнтыфікаваць выяўленую скульптуру як відавочную галаву барана, з характэрнай выцягнутай мордай і закручанымі рагамі. У версіі пра цмока археолаг, праўдападобна, выдаў жаданае за сапраўднае.
Мабыць, пры першасным аглядзе скульптуры зблізку яе закручаныя рогі, відочныя на фотаздымках, былі прыняты за круглыя вочы і адпаведна сама завостраная форма галавы барана – за дзюбу. (ФОТА 3)
Цікава было б таксама даведацца, дзе менавіта і як канкрэтна было размешчана гэтае бервяно з круком-галавой барана. Спадзяюся, археолагі паспелі гэта дакладна зафіксаваць да разбору клецей па бярвёнах.
Узнікае заканамернае пытанне, навошта ж было рабіць гэтую скульптурную выяву на выключна тэхнічнай частцы ўнутранай канструкцыі землянога вала і закопваць яе ў зямлю?
Відавочнага лагічнага адказу няма. Але мы маем ужо адзін падобны прыклад, агульнавядомы ў гісторыі і архітэктуры Беларусі, які знаходзіцца ўсяго ў 80 км на паўднёвы захад ад гарадзішча на Менцы, хоць і пазнейшы за яго па часе ўзнікнення прыблізна на 500 гадоў – гэта ўсім нам добра вядомы Мірскі замак.
У час любой экскурсіі па Мірскаму замку кожны экскурсавод абавязкова паказвае на знешняй паверхні паўднёвай сцяны замка моцна выступаючы з яе плоскасці камень, форма якога нагадвае галаву барана, хоць і моцна пабітую выпрабаваннем часу.
Аб тым, што гэта не выпадковая будаўнічая хіба, а адмысловая задума стваральнікаў замка, сведчыць не толькі форма каменя. Але і той значны аб’ём, на які ён выступае з плоскай сцяны. Фактычна гэта трохмерная скульптура, якая змешчана на абсалютна роўнай паверхні цаглянай сцяны. Іншай падобнай тэхнічнай “неахайнасці” на сценах Мірскага замка больш няма. (ФОТА 5, 6, 7)
Мірскі замак быў узведзены ў пачатку ХVI ст. (найбольш праўдападобна ў 1506-1508-я гг.) з цэглы і прыродных валуноў у готыка-рэнесансным стылі як прыватнаўласніцкая рэзідэнцыя для буйнога магната Вялікага княства Літоўскага Юрыя Іллініча. Спецыфіка мацавання названага каменя-галавы барана паказвае, што ён быў змешчаны яшчэ ў час будаўніцтва замка.
Што ж мы маем па выніку?
А ў выніку мы маем тое, што на амаль адной і той жа тэрыторыі (80 км тут абсалютна не маюць значэння) у знешнюю абарончую драўляна-земляную сцяну-вал гарадзішча на Менцы Х – першай паловы ХІ ст. і ў каменную сцяну замка ў Міры пачатку ХVI ст. нашы продкі ўбудоўвалі скульптурныя выявы галавы барана. Выпадковасць?
Можа быць. Але мне падаецца, што гэта ўсё-такі сведчанне нейкіх вельмі старажытных уяўленняў нашых продкаў аб дадатковых магічна-рытуальных спосабах умацаваць свае абарончыя збудаванні. Тое, што паміж імі прыкладна 500 гадоў розніцы па ўзросце сведчыць аб існаванні невядомых сёння нам і незахаваных да нашага часу таксама і іншых спосабаў перадачы гэтых уяўленняў, пэўнай культурна-архітэктурнай традыцыі.
Пра натуральную супрацьударную трываласць ілба бараноў здаецца лішнім казаць. Але вось пра антычную традыцыю афармляць працоўную частку сценабітных таранаў бронзавым наканечнікам у выглядзе галавы барана прыгадаць варта. Факт настолькі агульнавядомы, што нават увайшоў у ІІІ том энцыклапедычнага даведніка Бракгаўза і Эфрона, выдадзеным у 1891 г. (с. 37): “Баранъ или таранъ – орудіе, употреблявшееся въ древнія времена для производства проломовъ въ крепостныхъ стѣнахъ. Оно состояло изъ толстаго, крѣпкаго бревна съ металлическимъ наконечникомъ, имѣвшимъ большею частью видъ бараньей головы”.
Не думаю, што старажытныя жыхары цэнтральнай Беларусі добра ведалі апісанні сценабітных механізмаў у антычных аўтараў. Больш праўдападобна, што яны карысталіся агульнапрынятымі ў той час уяўленнямі, якія вобразна пераасэнсоўваліся пад свае канкрэтныя патрэбы. Логіку магічнага мыслення нашых продкаў перадае вось гэты, няхай і карыкатурны, але па сваёй сутнасці вельмі дакладны малюнак з прастораў інтэрнэту.
Дарэчы, параўнанне пералічаных “скульптурных баранаў” дзейнічае ў абодва бакі. Знаходка драўлянай скульптуры ў абарончай сцяне гарадзішча на Менцы цяпер не пакідае ніякіх сумневаў. А менавіта: на сцяне Мірскага замка змешчана каменная скульптура галавы менавіта барана. І гэта не візуальная ілюзія, а яшчэ пазнавальны, хоць і моцна пашкоджаны часам, рэальны вобраз.
Яўген Малікаў, гісторык, кандыдат мастацтвазнаўства