Навіны горада

У Кіеве ў дзень народзінаў Міхаіла Жызнеўскага рыхтуецца Марш памяці

Арганізатары кажуць, што ўдзельнікі пройдуць “маршам па Кіеву, каб ушанаваць памяць яго і яшчэ 55 беларусаў, вядомых нам, якія загінулі з 2014, змагаючыся за Украіну”.

“Марш памяці праводзіцца кожны год, каб ушанаваць памяць Міхаіла Жызнеўскага, беларуса і Героя Нябеснай сотні. Але апошнія два гады мы кажам не толькі пра яго, але і пра ўсіх беларусаў у новай гісторыі, якія аддалі сваё жыццё за волю Украіны”, — сказала “Штодню” адна з арганізатарак акцыі, кіеўская беларуская актывістка Ірына Лукашэнка. Паводле яе, удзельнікі збяруцца на Міхайлаўскай плошчы, пройдуць маршам, спыняцца на Майдане ля сцягоў у гонар беларусаў, якія загінулі, ускладуць кветкі. Потым па плане шэсце пройдзе да мемарыяла на месцы забойства Міхаіла Жызнеўскага, людзі запаляць свечы і ўскладуць кветкі і там.

“Кожны крок будзе суправаджацца словамі беларускіх дабраахвотнікаў і арганізатараў”, — падкрэсліла актывістка.

Ірына Лукашэнка патлумачыла, што ў мінулым годзе на марш запрашалі Зянона Пазьняка, які ў той час быў ў Кіеве. У гэтым годзе персанальна нікога не запрашалі, але слова змогуць сказаць усе ахвочыя.

“Праводзіць і наведваць такія мерапрыемствы абавязкова трэба, бо беларусам варта памятаць сваю гісторыю і ганарыцца сваімі Героямі, а ўкраінцам — шанаваць Герояў і разумець, з кім на самой справе беларусы ў гэтай барацьбе. Для мяне, чалавека, які жыве амаль тры гады ў Кіеве, вельмі важна распавядаць праўду і паказваць яе сваімі дзеямі ды дзеямі сваіх землякоў”, — заключыла арганізатарка акцыі.

Па-беларуску расклад і мерапрыемства можна паглядзець у гэтым допісе.
Штодзень