Паэтка з Рагачова Наста Кудасава прадставіць беларускую паэзію на фестывалі ў Сардзініі

Беларуская паэтка Наста Кудасава возьме ўдзел у міжнародным паэтычным фестывалі Cabudanne de sos Poetas, які пройдзе ў мястэчку Сенеге на італьянскім востраве Сардзінія. Сёлета фестываль ладзіцца ўжо ў 22-гі раз.

Наста Кудасава

Асобная сустрэча, прысвечаная сучаснай беларускай паэзіі, адбудзецца 1 верасня а 18:30 у Domo de sa Poesia. У афіцыйнай праграме яна мае назву “Voci dall’Est. Incontro con la poesia bielorussa contemporanea” — “Галасы з Усходу. Сустрэча з сучаснай беларускай паэзіяй”. У ёй возьмуць удзел Giulia De Florio, Nastassia Kudasava і Giada Scanu.

Cabudanne de sos Poetas праводзіцца ў Сенеге з 2005 года. Сёлета асноўная праграма працягнецца з 25 жніўня да 6 верасня. У праграме ёсць літаратурныя сустрэчы, дыскусіі, музыка, тэатр, выставы і перакладчыцкія праекты. Тэма 2026 года — Sguardi Meridiani (“Паўднёвыя погляды”). Арганізатары прапануюць глядзець на моры і межы не як на перашкоды, а як на прастору сустрэчы розных моў, культур і памяці. Асобнае месца займаюць малыя культуры, лакальныя супольнасці і моўная разнастайнасць.

У такім кантэксце прысутнасць беларускай паэзіі выглядае асабліва арганічна.

Наста Кудасава — паэтка з Рагачова, для якой тэма беларускай мовы і вяртання да ўласных каранёў мае асабістае значэнне. У размове са “Штоднем” яна распавядала, што пераход на беларускую мову стаў для яе своеасаблівым вяртаннем да сябе.

“У нейкі момант я ўсвядоміла, што я беларуска, і задала сабе гэтае пытанне: чаму я не гавару па-беларуску ўвесь час? Таму што я ж ведаю гэтую мову. […] І гэта было вяртанне да сябе”.

З родным Рагачовам Кудасава, паводле яе слоў, таксама захоўвае моцную сувязь: “Я заўжды была моцна звязаная з родным горадам Рагачовам. Ён застаецца для мяне цудоўным”.

Пасля 2020 года змянілася і адчуванне самой паэзіі. Наста Кудасава прызнавалася, што рэчаіснасць часам аказваецца мацнейшай за словы: “Пасля 2020-га якімі б словамі ні апісаў рэчаіснасць, гэтага мала”.

Цікава, што беларуская тэма для Cabudanne de sos Poetas не новая. У праграме мінулагодняга, 21-га фестывалю ўдзельнічаў беларускі паэт Дзмітрый Строцаў. Арганізатары прадстаўлялі яго як аднаго з прыкметных сучасных беларускіх аўтараў і звязвалі яго творчасць з беларускімі пратэстамі і вайной ва Украіне. Цяпер жа беларуская паэзія атрымала на фестывалі асобную сустрэчу, а прадстаўляць яе будзе паэтка з Гомельшчыны.

 

Штодзень

Related posts

Жыхары Старой Валатавы абурыліся адключэннем вады на 11 дзён

Праўладнае відэа паказала сядзібу Ціханоўскага ў Агародні Гомельскай

Беларуска раскрытыкавала дэкор Добрушскага фарфору — і запусціла дыскусію пра якасць