Неабходны для вучобы, працы ці легалізацыі ў іншай краіне экзамен па замежнай мове – істотнае выпрабаванне для кожнага. А для дыслексікаў, у якіх выкліканы эміграцыяй стрэс абвастрыў хранічныя праблемы, тым больш. Як атрымаць сертыфікат?

У няўтульнай халоднай залі голас экзаменатара рассейваецца ў паветры. Радкі тэксту зліваюцца ў чорна-белы бессэнсоўны малюнак. Цяжка напісаць без памылак нават уласнае прозвішча. Падаецца, дасягнуць запаветнага В2 немагчыма.
«Дыслексія – яна ад нараджэння. Калісьці я намалявала зайца і зрабіла да рысунка подпіс. Правільна напісана толькі „а“. Літары „з“ і „я“ павернуты не ў той бок, замест „ц“ выйшла „ч“» – кажа Ірына, якая пасля пераезду з Беларусі ў Ізраіль пачала вучыць іўрыт.
«Магу хутка зразумець этымалогію выразаў ці структуру замежнай мовы, але не скласці з трох літар слова you пры пісанні» – згадвае Вольга, якая зараз жыве ў Польшчы.
Выпадкі нашых суразмоўніц не ўнікальныя. Каля 10 % насельніцтва ў свеце мае тыя ці іншыя сімптомы дыслексіі. Пазбавіцца гэтай пераважна прыроджанай асаблівасці немагчыма, але «прыручыць» пры дапамозе кампенсацыйных практык і жыць, не звяртаючы на яе ўвагу, цалкам рэальна. Ірына і Вольга, якія толькі ў дарослым узросце даведаліся аб уласнай дыслексіі, паспяхова здалі моўныя экзамены, бо падышлі да пытання адказна.
Ці ісці да доктара? Дзяржаўны экзамен ці TELC? Як трэніравацца? Аналізуем працэс падрыхтоўкі («Навошта рыхтавацца да экзамену, калі я добра ведаю мову?» – распаўсюджаная памылка) на прыкладзе адной з самых папулярных сярод беларусаў замежных моў – польскай.
Стывен Спілберг – адзін з самых вядомых дысклексікаў. Фота: Вікіпедыя
Навошта дыягнаставаць дыслексію дарослым?
«З цябе быў бы плён, каб ты быў больш уважлівы і не вітаў у аблоках» – чулі нешта падобнае ад настаўнікаў у дзяцінстве? Магчыма, справа не ў гультайстве, а ў дыслексіі. Яшчэ пару дзесяцігоддзяў таму ў Беларусі гэтую праблему амаль не дыягнаставалі. Толькі ў 40 год, калі прывяла да лагапеда дачку, якая марудна чытала, Ірына зразумела, што праблемы не ў дзяўчынкі, а ў яе самой. У дарослым жыцці дыслексія можа быць мала заўважнай. Але сертыфікацыйны экзамен нібыта вяртае ў школьныя часы: праблемы з чытаннем і пісаннем павяртаюцца.

Пры наяўнасці сімптомаў дыслексіі лепей скіравацца да спецыяліста, які не толькі паставіць дыягназ, але і распрацуе праграму карэкціроўкі (існуюць розныя тэхнікі памяншэння негатыўных праяў). У Беларусі можна звярнуцца да лагапеда, дэфектолага, псіхолага, неўролага ці псіхіятра, у Польшчы – у Poradnia psychologiczno-pedagogiczna. Медыцынскае пацвярджэнне дыслексіі дае права на змяненне варункаў экзамену і дапасаванне іх да патрэб вучня.
Вольга не мела часу на дыягностыку і карэкцыю – спыт давялося вытрымаць хутка пасля пераезду. Але яна самастойна прааналізавала ўласныя праявы дыслексіі і, сыходзячы з гэтага, выбрала тып экзамену і методыку падрыхтоўкі. Каб не гэта – вынік мог бы быць іншы.
Які экзамен выбраць?
У Польшчы ёсць некалькі відаў сертыфікацыйных моўных экзаменаў. Самыя папулярныя – Дзяржаўны экзамен і TELC.
| ДЗЯРЖАЎНЫ ЭКЗАМЕН | TELC | |
| Неабходны каб |
• вучыцца
• працаваць • атрымаць статус доўгатэрміновага • атрымаць польскае грамадзянства |
• вучыцца
• працаваць • атрымаць статус доўгатэрміновага |
| Як здаецца | на адным узроўні (трэба выбіраць: В1 ці В2) |
адразу на двух узроўнях (выбіраць не трэба, у залежнасці ад набраных балаў будзе В1 ці В2) |
| Адбываецца | 4–5 раз у год | штомесяц (магчымы індывідуальны экзамен) |
| Працягласць | 1-ы дзень – пісьмовая
частка 2-і дзень – вусная частка |
усё ў адзін дзень |
| На што ўпор у заданнях |
граматыка, пісанне | размова |
| Неабходна здаць |
кожную частку | вусную частку і хаця б адну пісьмовую (разуменне на слых альбо пісанне e-mail) |
| Час чакання сертыфікату | 12–18 тыдняў | 6–8 тыдняў |
| Цана | 150 еўра (для В1 і В2) + 20 еўра за выдачу сертыфіката |
1200 злотых (сюды ўваходзіць сертыфікат і пара кансультацый перад экзаменам) |
На думку выкладчыкаў варшаўскага Polski Instytut Językowy (пляцоўкі, дзе можна здаць абодва экзамены) нельга сцвярджаць, што адзін з гэтых спытаў лягчэйшы. Ёсць істотная розніца па форме, варта выбраць больш адпаведную для сябе.
Абодва экзамены ўлічваюць патрэбы дыслексікаў: тэарэтычна магчыма павелічэнне часу экзамену да 100 %, дадатковыя перапынкі, дапасаванне друкаваных матэрыялаў і мадыфікацыя аўдыяфайлаў (дадатковы паўтор ці паўзы). Для гэтага трэба не менш чым за 30 дзён да экзамену даслаць медыцынскую даведку (для TELC – на ангельскай ці нямецкай мовах, альбо з натарыяльна завераным тлумачэннем). Экзамен будзе індывідуальны, таму даражэйшы за звычайны. Падзяліцца статыстыкай паспяховасці дыслексікаў спецыялісты Інстытута не змаглі, бо дагэтуль ніводная асоба не звярталася з просьбай аб асаблівых умовах.

«Мая праблема – дысграфія. Менш пісаніны – менш памылак. Перад дзяржаўным экзаменам я абавязкова абследавалася б на дыслексію, бо пры добрым валоданні польскай мовай магла б і на ўзроўні В1 не даць рады. TELC больш арыентаваны на размову. Дадатковых умоў не спатрэбілася: часу хапіла і на выкананне заданняў, і на ўважлівую праверку. У выніку – цвёрдае В2» – дзеліцца досведам Вольга.
Як рыхтавацца да экзамену?
Вынік кожнага экзамену залежыць не толькі ад валодання прадметам, але й ад умення здаваць экзамен. Чым больш навыкаў будзе даведзена да аўтаматычнага ўзроўню – тым лепей.
Прасцей пагрузіцца ў мову, калі яна атачае паўсюль. Усталёўваем польскую як галоўную ў тэлефоне. Чытаем не толькі падручнікі. Кіно, музыка – усё па-польску.
А калі польская мова пачне падавацца вам цяжкай, згадайце словы Ірыны, якая вучыла з нуля іўрыт: «Я разумела ўласную асаблівасць і ведала, што шмат чаго трэба замацаваць у памяці шматкротным паўтарэннем. Безліч разоў пісала ад рукі менавіта дзеля таго, каб рука механічна запомніла лініі літар».

Як падрыхтавацца псіхалагічна?
Дыслекcія мае неўралагічныя карані, ад стрэсу яе праявы могуць павялічвацца. Перад экзаменам належыць добра адпачыць і выспацца. Можна ўжыць простыя супакойваючыя сродкі (тыпу валяр’яну). Але ўжывайце толькі правераныя сродкі, уздзеянне якіх на свой арганізм вы добра ведаеце, не эксперыментуйце.
Як тыповы экзаменаваны чакае пачатка экзамену? З тэлефонам у руках. А куды лепей было б паразмаўляць з калегамі. Па-польску. І каб паменшыць псіхалагічнае напружанне, і каб патрэніравацца ў вядзенні дыялогу.

Ілюстрацыйнае фота. Фота: pixabay.com
Што рабіць на экзамене?
Тое, што мозг спецыфічна ўспрымае інфармацыю, можа ў нечым і дапамагчы. Так, тыя дыслексікі, што хутка знаходзяць у тэксце галоўнае, без неабходнасці чытаць кожнае слова, зэканомяць час на заданнях тыпу «Прачытай фрагмент і адкажы на пытанні». Калі праявы дыслексіі папярэдне прааналізаваны і перавагі і пазітыўныя моманты знойдзены – варта гэтым скарыстацца.
«Падчас размоўнай часткі TELC, якая здаецца ў парах, важна менавіта весці дыялог. Мой напарнік прамаўляў так доўга, што экзаменатарам прыйшлося яго спыняць і даваць слова мне. Паводзіны, як мне падалося, таксама ўплываюць на колькасць балаў» – згадвае Вольга.

Арланда Блум ва Украіне ў якасці пасла ЮНІСЕФ, 2016. Фота: UNICEF Ukraine
Калісьці й Арланда Блуму школьная класа падавалася непрыязнай пад градам кпін аднакласнікаў. А зараз славуты актор кажа, што перашкоды неабходныя, каб вучыцца, расці і станавіцца лепей, выпрабаванне дыслексіяй можна прыняць і выкарыстаць, каб стаць пераможцам па жыцці. Чаму б не скарыстацца парадай?











