“Гомсельмаш” абяцае беларусізаваць сайт і маркетынг пасля грамадскага розгаласу

Моўны актывіст Ігар Случак атрымаў новы адказ ад кіраўніцтва ААТ Гомсельмаш, у якім прадпрыемства ўжо не адмаўляецца ад выкарыстання беларускай мовы, а наадварот — абяцае беларускамоўную версію сайта і разглядае магчымасць выкарыстання роднай мовы ў маркетынгу. Выпадак з моўнай дыскрымінацыяй на заводзе раней асвятляў Штодзень.

У новым лісце, падпісаным выконваючым абавязкі дырэктара філіяла А.Н. Змушко, гаворыцца:
“У маркетынгавых мерапрыемствах на 2026 год плануецца дадаць абнаўленне сайта з версіяй на беларускай мове. Пытанне выкарыстання беларускай мовы ў рабоце з кліентамі, на ярлыках нашай прадукцыі і ў рэкламе прапрацоўваецца кіраўніцтвам завода. Спадзяемся, у хуткім часе гэтае пытанне будзе вырашана”.

Ліст істотна адрозніваецца па стылі і змесце ад папярэдняга адказу, які Ігар Случак атрымаў у верасні 2025 года за подпісам генеральнага дырэктара Новікава. Тады тон ліста быў, па сутнасці, хамскі, а беларуская мова называлася “непрактычнай” для прадпрыемства. У прыватнасці, у адказе гучала: “Мы лічым, што падаванне тэхнічнай дакументацыі на беларускай мове з’яўляецца заўчасным, паколькі гэта можа выклікаць спрэчнасць у яе разуменні і ўспрыманні тэхнічных тэрмінаў…” Таксама тады заяўлялася, што брэнд Гомсельмаш пазіцыянуецца выключна на рускай, англійскай і іспанскай мовах, а беларуская фактычна выціскалася з публічнай камунікацыі.

Цяпер жа тон афіцыйных адказаў кардынальна змяніўся. Відаць, што пасля розгаласу і крытыкі ў СМІ на прадпрыемстве ўсё ж вырашылі змякчыць сваю пазіцыю.

Штодзень

Слайдар пастоў