Моўны актывіст Ігар Случак атрымаў афіцыйны адказ ад дзяржаўнага прадпрыемства “Гомсельмаш”. Інтанацыя гэтага ліста, падпісанага гендырэктарам Новікавым, выглядае хамскай і паказвае поўную абыякавасць да беларускай мовы, хаця прадпрыемства ўтрымліваецца за кошт беларусаў.
Фота: Ігар Случак
“У адказ на ваш зварот інфармуем, што прадукцыя, якая выпускаецца Гомсельмаш, з’яўляецца экспартаарыентаванай і пададзеная інфармацыя пра яе павінна быць максімальна зразумелай і даступнай. У краінах СНД, у тым ліку ў Беларусі, брэнд Гомсельмаш пазіцыянуецца на рускай мове, якая таксама з’яўляецца афіцыйнай дзяржаўнай мовай. У іншых замежных краінах — на англійскай і іспанскай мовах. Мы лічым, што падаванне тэхнічнай дакументацыі на беларускай мове з’яўляецца заўчасным, паколькі гэта можа выклікаць спрэчнасць у яе разуменні і ўспрыманні тэхнічных тэрмінаў у многіх спажыўцоў…”, – напісалі ў адказе ад імя гендырэктара.
Такім чынам, прадпрыемства адкрыта заяўляе, што прыярытэт аддае рускай, англійскай і нават іспанскай мовам, а беларуская — нібыта “перашкода” для разумення.