Могільнік, разлічаны на 300 гадоў, можа не вытрымаць і ста. Пяць галоўных рызык беларускага сховішча радыеактыўных адкідаў

Праект беларускага пункта захоўвання радыеактыўных адкідаў у цяперашнім выглядзе можа быць небяспечным, а прадстаўленая ўладамі ацэнка яго ўздзеяння не дазваляе аб’ектыўна ацаніць магчымыя наступствы. Да такой высновы прыйшла група беларускіх і міжнародных экспертаў, якая прааналізавала дакумент “Ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе” (АУНА) будучага могільніка. Аналіз падрыхтавалі эксперты “Экадома”, Solutions for Resilient Communities Inc., міжнароднай праграмы “Бяспека радыеактыўных адкідаў” і незалежны эксперт па радыяцыйнай бяспецы і тэхналагічных рызыках Сяргей Бесараб.

Аўтары сцвярджаюць, што дакументацыя не адпавядае базавым прынцыпам АУНА, утрымлівае супярэчлівую або нерэлевантную інфармацыю, а частка выбраных тэхналогій састарэла і нясе павышаныя рызыкі. Эксперты патрабуюць поўнай перапрацоўкі дакументацыі. “Штодзень” вылучыў пяць найбольш істотных рызык, апісаных у справаздачы.

1. Невядома нават, што дакладна збіраюцца рабіць з самымі небяспечнымі адкідамі

Першая праблема ўзнікае яшчэ да ацэнкі бяспекі: з дакумента, паводле экспертаў, немагчыма адназначна зразумець, што менавіта будзе адбывацца на аб’екце. Фармальна гаворка ідзе пра “ўзвядзенне пункта”, аднак далей згадваюцца перапрацоўка, захоўванне, пахаванне і нават спальванне радыеактыўных адкідаў. Фактычна гаворка можа ісці пра цэлы тэхналагічны комплекс. Асабліва шмат пытанняў датычыцца адпрацаванага ядзернага паліва і прадуктаў яго перапрацоўкі. Не вызначана адназначна, дзе яны будуць знаходзіцца, паводле якой тэхналогіі і на які тэрмін. Менавіта гэтыя матэрыялы эксперты адносяць да найбольш небяспечных прадуктаў працы АЭС.

2. Радыеактыўнасць прапануюць не знішчаць, а фактычна пераразмяркоўваць

Адна з прадугледжаных тэхналогій — спальванне гаручых цвёрдых радыеактыўных адкідаў. Але радыеактыўнасць пры гэтым нікуды не знікае: радыенукліды пераразмяркоўваюцца паміж попелам, адкідамі сістэмы ачысткі і выкідамі. Аўтары аналізу са спасылкай на МАГАТЭ звяртаюць увагу, што частка радыенуклідаў можа трапляць у атмасферу. Сярод іх — ёд, рутэній, цэзій, трытый, вуглярод-14 і сера-35. Яшчэ адна рызыка звязаная з выпарваннем вадкіх радыеактыўных адкідаў. Праект прадугледжвае HEPA-фільтры, аднак яны не прызначаныя для ўлоўлівання газавых малекул і пары вады. Таму эксперты папярэджваюць пра магчымасць выхаду трытыю ў атмасферу ў выглядзе забруджанай вады. Пасля ахалоджвання вільгаць можа выпадаць з ападкамі вакол прадпрыемства.

3. У герметычным кантэйнеры можа назапашвацца вадарод

Для часткі адкідаў прапануецца цементаванне і размяшчэнне ў жалезабетонных кантэйнерах расійскага тыпу НЗК. Іанізуючае выпраменьванне выклікае радыёліз вады ў цэментавай масе, у выніку чаго можа ўтварацца малекулярны вадарод. Яшчэ адной яго крыніцай можа быць карозія сталёвай арматуры. Назапашванне газу стварае залішні ціск і можа пашкодзіць упакоўку. Пры гэтым, паводле экспертаў, фактар радыёлізу і назапашвання газаў у АУНА фактычна праігнараваны. У герметычна закрытым кантэйнеры рост ціску здольны паставіць пад пагрозу цэласнасць першаснага бар’ера бяспекі ўжо ў першыя гады.

4. “300 гадоў” існуюць на паперы, але не пацверджаныя практыкай

Расійскія кантэйнеры НЗК-150-1,5П заяўлены як разлічаныя на 300 гадоў. Аднак практычнага пацвярджэння такога тэрміну няма: серыйна іх выпускаюць толькі з 2002 года. Рэальны досвед эксплуатацыі вымяраецца дзесяцігоддзямі, а не стагоддзямі. Больш за тое, у расійскіх праектах падобных могільнікаў разглядаюцца сцэнары, пры якіх ужо праз 100 гадоў разбураюцца ўпакоўкі і пагаршаюцца ўласцівасці інжынерных бар’ераў. Адзін са сцэнароў дапускае нават поўнае разбурэнне верхніх і ніжніх бар’ераў праз стагоддзе з наступнай міграцыяй радыенуклідаў. Пры гэтым некаторыя радыенукліды застануцца небяспечнымі непараўнальна даўжэй. Перыяд паўраспаду амерыцыю-241 складае 433 гады, урану-235 — каля 700 мільёнаў гадоў. Таму разлік ізаляцыі на 300 гадоў зусім не азначае, што пасля гэтага змесціва могільніка стане бяспечным.


5. Падобныя сховішчы ўжо працякалі — і значна раней

Рызыка разбурэння такіх збудаванняў не толькі тэарэтычная. У Расіі ўжо эксплуатаваліся заглыбленыя жалезабетонныя сховішчы, канструктыўна падобныя да прапанаваных для Беларусі. Аўтары справаздачы прыводзяць прыклады выхаду радыеактыўных рэчываў са сховішчаў каля Казані, у Сасновым Бары і асабліва ў Обнінску. Обнінскі аб’ект запаўняўся ў 1955–1961 гадах, а ў 1999–2001 гадах там выявілі працечкі і разбурэнне бетону адной з ёмістасцяў. Радыенуклідамі былі забруджаныя тэрыторыя, грунт на глыбіню да васьмі метраў і суседняе балота ў напрамку ракі Протвы. У водах зафіксавалі перавышэнне нарматываў па ўдзельнай альфа- і бэта-актыўнасці. У выніку аварыйнае сховішча вырашылі ліквідаваць, а радыеактыўныя адкіды — дастаць.

Ёсць пытанні і да саміх пляцовак

Асобная праблема — месца будаўніцтва. У беларускай АУНА сярод забараняльных фактараў называюцца грунты з модулем дэфармацыі менш за 20 МПа. Аднак на прапанаваных пляцоўках эксперты знайшлі паказчыкі 15, 12,5, 7,5 і нават 4,4 МПа. На думку аўтараў аналізу, такія грунты павялічваюць рызыку нераўнамернай дэфармацыі і пашкоджання ахоўных бар’ераў.

Ёсць пытанні і да грунтовых вод. Паводле крытэрыяў самой АУНА, пры пэўных умовах іх узровень менш за тры метры ад паверхні з’яўляецца забараняльным фактарам. Але на адной з пляцовак грунтовыя воды зафіксаваныя ўжо на глыбіні 0,6 метра.

Разлікі зрабілі на расійскіх “аналагах”

Эксперты звяртаюць увагу і на тое, што разлікі радыяцыйнага ўздзеяння зроблены не на падставе фактычных характарыстык будучага беларускага могільніка, а з выкарыстаннем папярэдніх даных расійскіх “праектаў-аналагаў”. Такі падыход яны называюць метадалагічнай памылкай, якая ставіць пад сумнеў надзейнасць наступных разлікаў доз апраменьвання насельніцтва. Не праведзена і паўнавартаснае параўнанне з альтэрнатыўнымі тэхналогіямі. У прыватнасці, фактычна не разгледжаны варыянт працяглага сухога кантэйнернага захоўвання, які выкарыстоўваецца ў ЗША і Заходняй Еўропе. Менавіта таму аўтары справаздачы патрабуюць поўнай перапрацоўкі праектнай дакументацыі і ацэнкі ўсяго жыццёвага цыклу радыеактыўных адкідаў.

Сяргей Бесараб

Бесараб: без адказу пра адпрацаванае паліва пра будаўніцтва не павінна ісці гаворкі

Незалежны эксперт па радыяцыйнай бяспецы Сяргей Бесараб называе лёс адпрацаванага ядзернага паліва ключавым пытаннем усяго праекта.

“Галоўным пытаннем, якое застаецца без пераканаўчага адказу, з’яўляецца лёс адпрацаванага ядзернага паліва. Пакуль не будзе дакладнага, адкрытага і тэхнічна абгрунтаванага адказу, што Беларусь збіраецца рабіць з гэтым найбольш небяспечным з магчымых матэрыялаў на кожным этапе яго жыццёвага цыклу, гаворка пра будаўніцтва не павінна ісці ў прынцыпе”, — адзначыў Бесараб у відэакаментары.

Ілюстрацыйнае фота

На адной з пляцовак працы маглі ўжо пачацца

Паводле Бесараба, OSINT-даследчыкі атрымалі звесткі, што на так званай Мсціслаўскай пляцоўцы маглі ўжо пачацца работы нулявога цыклу.

“Ёсць дадзеныя OSINT-даследчыкаў, што будаўніцтва так званага нулявога цыклу пачалося на Мсціслаўскай пляцоўцы. Гэта выходзіць за рамкі банальнага ўзяцця пробаў. І пры гэтым нібыта працягваецца грамадскае абмеркаванне. Гэта грубае парушэнне”, — кажа Бесараб.

Калі гэтая інфармацыя пацвердзіцца, узнікае прынцыповае пытанне: які сэнс мае грамадскае абмеркаванне ўздзеяння аб’екта на навакольнае асяроддзе, калі падрыхтоўчыя будаўнічыя работы на адной з пляцовак маглі пачацца яшчэ да завяршэння самой працэдуры?

 

Штодзень

Можна пачытаць па тэме:
«Падарунак» дзясяткам пакаленняў: як Беларусь будзе захоўваць ядзерныя адходы са сваёй АЭС
Ці можна давяраць? Самы забруджаны рэгіён — “за” атам
Плошча забруджвання Беларусі цэзіем-137 зменшылася амаль у два разы, сцвярджаюць улады. Але што значаць гэтыя лічбы?
Радыяцыйныя пажары: Наколькі гэта небяспечна для жыхароў і што рабіць ва ўмовах замоўчвання інфармацыі ўладамі 

Related posts

“Палігоны для тэставання амартызатараў”: гамяльчанін раскрытыкаваў веласцежкі — і тут панеслася

Цягнік Анапа-Мінск у Гомель зноў не прыедзе

Мост эпохі Эйфеля: у Гомелі закрываюць на рамонт канструкцыю XIX стагоддзя