Беларуская арганізацыя па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі (БелРАО) апублікавала вынікі сацыялагічнага апытання аб стаўленні насельніцтва да развіцця атамнай энергетыкі. Паводле агучаных дадзеных, у сярэднім па краіне 64,7% беларусаў падтрымліваюць “мірны атам”.
Але найбольшую ўвагу прыцягваюць рэгіянальныя паказчыкі.
Абсалютным лідарам стала Гарадзенская вобласць — 70,9% падтрымкі. Менавіта там працуе БелАЭС у Астраўцы. На другім месцы — Гомельская вобласць з 69,7%. Рэгіён, які найбольш пацярпеў ад чарнобыльскай катастрофы, сёння дэманструе адзін з самых высокіх узроўняў падтрымкі атамнай энергетыкі. Замыкае тройку Магілёўская вобласць — 65,4%.
Пры гэтым скептыцызм часцей выказваюць жыхары Віцебскай вобласці (22,6% супраць) і Мінска (22,1%).
У БелРАО асобна адзначылі і “рэкорд” Астравецкага раёна — 92,7% падтрымкі. Паводле логікі ведамства, “жыццё побач са станцыяй развейвае страхі”.
Аднак лічбы выклікаюць не толькі здзіўленне, але і пытанні. Асабліва ў выпадку з Гомельскай вобласцю. Менавіта там у 1986 годзе радыяцыйнае забруджванне закранула каля 70% тэрыторыі рэгіёна. Цяпер — супадзенне ці іронія — каля 70% жыхароў вобласці падтрымліваюць развіццё атамнай энергетыкі.
Яшчэ адзін паказальны момант — геаграфія будучых праектаў. Як раней паведамлялася, Беларусь праінфармавала Літву аб планах будаўніцтва пляцоўкі для захавання і часовага захоўвання радыеактыўных адходаў. Разглядаюцца варыянты ў Гарадзенскай вобласці (на мяжы з Літвой), а таксама ў Гомельскай і Магілёўскай — бліжэй да Расіі. Будаўніцтва плануецца ў 2028–2030 гадах, эксплуатацыя — на стагоддзе. Улічваючы, што найбольшую падтрымку атамнай энергетыкі дэманструе менавіта Гарадзенская вобласць, дзе ўжо працуе БелАЭС, не выключана, што фарміруецца грамадская думка для далейшага развіцця атамнага кластара вакол Астраўца.
Такім чынам, “апытанне” БелРАО можа быць не толькі замерам грамадскай думкі, але і часткай камунікацыйнай падрыхтоўкі да новых рашэнняў у атамнай сферы. Асабліва на фоне таго, што беларускі бок ужо пачаў фармальныя працэдуры інфармавання суседзяў.