12 верасня ў Варшаве зноў збяруцца гамяльчане і сябры горада, каб адзначыць Дзень Гомеля ў выгнанні. Свята пройдзе ў Karma Bar, а падрабязную праграму арганізатары абяцаюць прадставіць неўзабаве. Пакуль жа яны шукаюць валанцёраў і просяць супольнасць дапамагчы ў арганізацыі.
“Дню горада Гомеля ў Варшаве — быць!” — паведамілі арганізатары ініцыятывы. Сёлета сустрэча адбудзецца 12 верасня.
Гэта будзе ўжо трэцяе такое святкаванне ў польскай сталіцы. Ініцыятыва ўзнікла як альтэрнатыўны Дзень Гомеля для гамяльчан, якія пасля 2020 года апынуліся за межамі Беларусі. Паступова вакол свята пачала фармавацца ўласная супольнасць. У 2024 годзе Дзень Гомеля таксама праходзіў у варшаўскім Karma Crew. Тады, паводле ацэнкі “Штодня”, праз мерапрыемства прайшлі больш за 100–150 чалавек.
“Дзе б я ні быў, мне падаецца, гомельскія заўсёды сабе ідэнтыфікуюць, адбудоўваюць супольнасць”, — казаў тады ўраджэнец Гомеля Антон Раднянкоў. Ён пажадаў, каб гомельскае зямляцтва з варшаўскага ператварылася ў “планетарнае, сусветнае”.
Свята не абмяжоўвалася сустрэчай землякоў. Гісторык Яўген Малікаў расказваў пра мінулае Гомеля і архіўныя знаходкі, удзельнікі гулялі ў квіз па гісторыі горада, слухалі вершы гомельскіх паэтаў. Працаваў кірмаш, быў прадстаўлены мерч з іранічнай схемай “гомельскага метро”, выступалі музыкі і дыджэі.
Такім чынам, за некалькі гадоў Дзень Гомеля ў Варшаве ператварыўся ў спробу захаваць лакальную гомельскую ідэнтычнасць у выгнанні — праз гісторыю, беларускую культуру, музыку і проста магчымасць землякам сустракацца паміж сабой.
Свята робяць самі гамяльчане
Асаблівасць ініцыятывы ў тым, што арганізатары штогод рыхтуюць мерапрыемства сваімі сіламі, без дадатковага фінансавання.
Сёлета дапамагчы можна грашыма — праз BLIK або банкаўскі рахунак, — уласным часам ці распаўсюдам інфармацыі пра свята.
Ужо цяпер арганізатары шукаюць людзей, якія маглі б вычытаць беларускамоўныя тэксты, распрацаваць і правесці інтэрактывы — квіз, “схватку” і іншыя гульні, — а таксама дапамагчы распаўсюдзіць анонсы ў медыя, пабліках і чатах.
Сачыць за падрыхтоўкай да свята можна праз інстаграм-старонку “Дзень Гомеля ў Варшаве”, там жа будуць з’яўляцца навіны і афішы пра мерапрыемства.
Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
У Варшаве адсвяткавалі альтэрнатыўны Дзень Гомеля