HomelDays_Logo_Main-mobil

Каманда мары: зборная Гомеля на чэмпіянаце свету па футболе

Казка Каба-Вердэ на ЧС-2026 скончылася ў 1/16 фіналу, але дэбютанты паспелі стварыць сапраўдную сенсацыю: зборная краіны з насельніцтвам каля 580 тысяч чалавек выйшла з групы і саступіла дзейнаму чэмпіёну свету Аргенціне толькі ў дадатковы час — 2:3. У Гомелі жыве амаль столькі ж людзей. “Штодзень” вырашыў уявіць, хто б выйшаў на поле, калі б горад над Сожам мог выставіць уласную зборную на мундыяль. А заадно ўзгадаць, чаму Гомель займае асаблівае месца ў гісторыі беларускага футбола.

Вялікія дасягненні маленькіх дзяржаў

На чэмпіянаце свету 2026 года зборная Каба-Вердэ зрабіла асабліва моцнае ўражанне. Дэбютанты годна правялі групавы этап: згулялі ўнічыю з Іспаніяй, Уругваем і Саудаўскай Аравіяй, прадэманстравалі дысцыплінаваную гульню і прайшлі ў плэй-оф, стаўшы адным з галоўных адкрыццяў турніру.

Cabo Verde WC 2026

У часткі беларусаў каманда выклікала асаблівую сімпатыю праз яе дзяржаўны сцяг: бела-чырвона-белыя палосы на блакітным полі з зоркамі. Такую камбінацыю жартаўліва назвалі “Беларусь у Еўразвязе”.

Не згубілася на гэтым фоне і зборная Кюрасаа — прадстаўніца найменшай паводле колькасці насельніцтва краіны ў гісторыі чэмпіянатаў свету. На востраве жыве крыху больш за 150 тысяч чалавек. Кюрасаа таксама дэбютавала на турніры і запомнілася сваёй упартасцю, у прыватнасці гістарычнай нічыёй 0:0 з Эквадорам. Іншыя два матчы каманда прайграла Германіі і Кот-д’Івуару.

Раней увесь футбольны свет захапляўся выступленнем Ісландыі, насельніцтва якой на той момант складала каля 340 тысяч чалавек. На чэмпіянаце Еўропы 2016 года ісландцы згулялі ўнічыю з Партугаліяй і Венгрыяй, перамаглі Аўстрыю і Англію ды дайшлі да чвэрцьфіналу, дзе саступілі Францыі.

На чэмпіянаце свету 2018 года “вікінгі” згулялі ўнічыю з Аргенцінай, хоць і не здолелі выйсці з групы. Гэтыя выступленні дагэтуль лічацца аднымі з найбольш натхняльных прыкладаў для малых нацый.

Каманда мары: зборная Гомеля на мундыялі

Горад над Сажом па колькасці насельніцтва (500 тыс.) прыкладна супастаўны з тым жа Каба-Вердэ і дакладна пераўзыходзіць па гэтым крытэры Ісландыю ды Кюрасаа. З гэтай нагоды “Штодзень” вырашыў скласці сваё бачанне таго, хто б мог прадстаўляць горад на чэмпіянаце свету, калі б горад меў права выставіць асобную зборную.

У якасці асноўнай крыніцы мы абралі вядомы нямецкі футбольны сайт і базу даных Transfermarkt. Ён змяшчае звесткі пра гульцоў, іх статыстыку, кар’еру і арыетаваны трансферны кошт.

Мы адфільтравалі футбалістаў, у профілях якіх Гомель пазначаны як месца нараджэння, а затым абралі гульцоў з найвышэйшым трансферным коштам. Так атрымалася ўяўная стартавая адзінаццатка зборнай Гомеля.

Homel WC 2026 Line Up Poster

 

Паводле стандартнай схемы 4–3–3 у стартавы склад увайшлі:

  1. Аляксандр Навумовіч

Узрост: 25 (19.04.2001)

Пазіцыя ў зборнай: Брамнік

Клуб: “Нафтан” Наваполацк (Вышэйшая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 50 000 €

  1. Арсеній Агееў

Узрост: 21 (19.07.2004)

Пазіцыя ў зборнай: правы абаронца

Клуб: “Славія” Мазыр (Вышэйшая ліга Беларусі, у арэндзе з маскоўскага “Лакаматыва”)

Рынкавы кошт: 250 000 €

  1. Мікіта Тарбякоў

Узрост: 24 гады (2.06.2002)

Пазіцыя ў зборнай: цэнтральны абаронца

Клуб: “Орша” (Першая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 75 000 €

  1. Ягор Траякоў

Узрост: 31 (24.02.1995)

Пазіцыя ў зборнай: цэнтральны абаронца

Клуб: “Гомель” (Вышэйшая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 50 000 €

  1. Яўген Мілеўскі

Узрост: 31 гады (14.01.1995)

Пазіцыя ў зборнай: левы абаронца

Клуб: часова без клуба

Рынкавы кошт: 75 000 €

  1. Дзмітрый Барадзін

Узрост: 26 (19.07.1999)

Пазіцыя ў зборнай: цэнтральны паўабаронца

Клуб: “Окжэтпэс” Кокшэтаў (Прэм’ер-ліга Казахстана)

Рынкавы кошт: 350 000 € (самы каштоўны гулец у складзе)

  1. Уладзіслаў Кавалевіч

Узрост: 25 (4.08.2000)

Пазіцыя ў зборнай: правы паўабаронца

Клуб: “Смаргонь” (Першая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 75 000 €

  1. Дзмітрый Халімончыкаў

Узрост: 27 (13.09.1998)

Пазіцыя ў зборнай: левы паўабаронца

Клуб: “Юні Ікс Лабс” (Першая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 125 000 €

  1. Яўген Барсукоў

Узрост: 36 (5.07.1990 г.)

Пазіцыя ў зборнай: Правы вінгер

Клуб: “Гомель” (Вышэйшая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 50 000 €

  1. Уладзіслаў Драпеза

Узрост: 24 (31.08.2001)

Пазіцыя ў зборнай: Левы вінгер

Клуб: “Асіповічы” (Першая ліга Беларусі)

Рынкавы кошт: 25 000 €

  1. Ілля Чарняк

Узрост: 24 (19.05.2002)

Пазіцыя ў зборнай: Цэнтральны нападнік

Клуб: “Улытаў” Жэзказган (Прэм’ер-ліга Казахстана)

Рынкавы кошт: 200 000 €

 ТОП-3 гульцоў умоўнай гомельскай зборнай па кошце на рынку трансфераў: Дзмітрый Барадзін, Арсеній Агееў і Ілля Чарняк

 

Пры складанні гэтай зборнай Гомеля давялося йсці на кампрамісы і перастаноўкі. Так апорны паўабаронца Яўген Мілеўскі стаў на пазіцыю левага абаронцы, а ў левым вінгерам выступіў Уладзіслаў Драпеза, які звычайна гуляе на пазіцыі левага паўабаронцы. Ілля Чарняк нарадзіўся не ў самім Гомлі, але побач з ім — у аграгарадку Яроміна.

Вядома, выкарыстанне падобных баз даных мае свае абмежаванні. Напрыклад, цяжка адсачыць футбалістаў, што нарадзіліся ў іншых гарадах, але выраслі ў горадзе над Сажом або сталі выхаванцамі тутэйшай футбольнай школы. Па-за спісам маглі застацца і тыя, што ўжо гадамі жывуць у горадзе і сталі месцічамі не горш за іншых.

У любым разе мэтай артыкула ў ніякім разе не было ўзняцце пытання аб аддзяленні Гомеля ад Беларусі. Мы ўсяго толькі папулярызуем нашыя адметнасці і гісторыю. А тут гомельцам сапраўды ёсць што сказаць і чым ганарыцца!

Гомель — першы ў беларускім футболе

 

Першыя звесткі пра футбол у Беларусі адносяцца да 1910 года. Менавіта тады ў Гомель пераехаў А. Лібман, які працаваў у мясцовым аддзяленні Арлоўскага банка. У Кіеве ён быў футбалістам каманды “Спорт” і зборнай горада, таму пачаў вучыць і папулярызаваць гэтую гульню ў горадзе над Сажом.

Ужо да восені 1910-га года ў горадзе існавала чатыры футбольныя каманды. А ў чэрвені 1911-га футбол упершыню ўзгадваецца на старонках мясцовай газеты “Гомельская капейка”. Менавіта гэтая дата і лічыцца датай заснавання беларускага футбола. Дарэчы, сёлета споўнілася роўна 115 год гэтай падзеі! А створаная Лібманам “Першая гімназічная футбольная каманда” (“ПГФК”) у жніўні 1911 года прыняла ўдзел у першым чэмпіянаце горада па футболе, дзе прынялі ўдзел і такія каманды як “Надзея”, “Унітас” ды “Вікторыя”. І панеслася!

 

Першая гімназічная футбольная каманда” з Гомеля ў 1910 годзе. Верагодна трэці злева ў трэцім шэрагу — А. Лібман

 

У XXI стагоддзі галоўным поспехам гомельцаў стала перамога ў чэмпіянаце Беларусі клуба ФК “Гомель” у 2003 годзе. Акрамя гэтага камандзе ўдалося здабыць бронзу чэмпіяната ў 1999 і 2011 гадах. А ў Кубку Беларусі сезона 2021/22 гамяляне перамаглі БАТЭ і заваявалі трэці кубак у гісторыі клуба. Перад гэтым “бела-зялёныя” выйгравалі яго ў 2001/02 і 2010/11 гадах.

Гомельскі футбол мае сваю багатую традыцыю і ўсе падставы спадзявацца на светлую будучыню. Хто ведае, магчыма, новыя поспехі чакаюць яго не толькі на нацыянальным узроўні, але і на міжнароднай арэне.

Заўзеем за нашых! Наперад, Гомель!

Штодзень
Аўтар:
Жан Д’Арк

Слайдар пастоў