“Хоць бы да лістапада наступнага года”: ці паспеюць адрамантаваць мазырскую радзільню?

Пытанне пра тэрміны рамонту ўзнікла пасля допісу ў сацсетках. Жыхарка Мазыра напісала, што бачыць працы ў будынку амаль штодня, але не разумее, “ці паспеюць адкрыцца ў лістападзе”. У каментарах адказваюць без асаблівага аптымізму.

Радзільня ў Мазыры

 

“Там унутры голыя сцены, нават без чарнавой аздобы, сёлета яго не адкрыюць”, — сцвярджае адна з карыстальніц. Іншая распавяла пра брата, які праходзіць на аб’екце практыку ад політэхнічнага каледжа:

“Там яшчэ работы: яны электрыку толькі робяць і паралельна яшчэ іншыя справы, а яшчэ, нібыта, дах хочуць перарабляць. Яшчэ ого-го працы — хоць бы да лістапада наступнага года зрабілі”.

Сведчанні карыстальніц сацсетак накладаюцца на ўжо вядомую праблему: на рамонт радзільні сёлета двойчы збіралі сродкі праз абласныя суботнікі. У сакавіку ўлады прызнавалі, што запланаваных бюджэтных грошай не хапае на работы і абсталяванне. У верасні жыхароў Гомельшчыны зноў заклікалі выйсці на суботнік, каб сабраць сродкі на “завяршэнне рамонту”.

Такім чынам, за два месяцы да абяцанага тэрміну ўлады па-ранейшаму шукалі дадатковае фінансаванне. Афіцыйных паведамленняў пра перанос адкрыцця няма. Але пытанне, ці хопіць часу і сродкаў, ужо выглядае не рытарычным.

Пакуль жа наступствы закрыцця адчуваюць будучыя мамы. Адна з удзельніц дыскусіі паведаміла, што яе шпіталізавалі ў Гомель і 4 кастрычніка яна нарадзіла ў радзільным доме № 2. Паводле яе словаў, цяжарных з Мазыра накіроўваюць туды на 38–39-м тыдні. “Не, усіх адпраўляюць у Гомель, радзільны дом 2”, — напісала яна.

Частка жанчын не бачыць у гэтым трагедыі. Адна з іх, якая нараджала першае дзіця ў Мазыры, а другое — у Гомелі, называе розніцу “небам і зямлёй”: у гомельскай бальніцы, паводле яе ўражанняў, лепшыя адносіны персаналу да жанчын і больш увагі да абследавання маці і немаўляці. Але і там, адзначае яна, ёсць праблемы з бытавымі ўмовамі і недахопам месцаў у платных палатах.

Для многіх жыхарак Мазыра справа не толькі ў камфорце. Паездка ў іншы горад напрыканцы цяжарнасці азначае разлуку з сям’ёй, лагістыку і дадатковы стрэс. “Зараз таксама не гару жаданнем ехаць у іншы горад, таму пытанне заканчэння рамонту актуальнае”, — піша жанчына, якая нараджала ў Мазыры ў 2020 годзе.

Мазырская радзільня даўно патрабавала абнаўлення: пацыенткі раней згадвалі агульныя туалеты на паверсе, праблемны душ і занядбаныя палаты. Але гэтая ўстанова важная не толькі для самога Мазыра. Пасля скарачэння акушэрскай дапамогі ў суседніх Калінкавічах жанчын накіроўвалі на роды ў тым ліку сюды. Цяпер жа дадатковую нагрузку прымае Гомель.

Штодзень
Можна пачытаць па тэме:
На рамонт радзільні ў Мазыры збіраюць грошы праз суботнік
Чаму ў Беларусі ўпала нараджальнасць: што кажуць беларусы
Свята на родах: беларуска параўнала радзільні ў Польшчы і Беларусі

Related posts

Гомельскія мастакі скардзяцца на дэфіцыт матэрыялаў

Gods Tower збірае сродкі на рамонт магілы свайго заснавальніка Аляксандра Уракава

Прыпяць у Мазыры паставіла антырэкорд дня. Чаму галоўная рака Палесся мялее