Гомельскія мастакі скардзяцца на дэфіцыт матэрыялаў

Гомельскім мастакам і творчым людзям усё цяжэй купіць у горадзе матэрыялы для працы. У дыскусіі ў Threads гамяльчанка В. піша, што, на яе ўражанне, пасля закрыцця профільных крам у горадзе амаль не засталося выбару — апроч “Школьніка”.

“Столькі мастацкіх устаноў у Гомелі — і ніводнай профільнай крамы”, — адзначыла яна. Мастачка тлумачыць, што не хоча выбіраць матэрыялы толькі паводле водгукаў у інтэрнэце: паперу, фарбы або палатно важна ацаніць ужывую перад пакупкай.

У каментарах гамяльчане згадалі невялікую мастацкую краму каля галерэі Вашчанкі на праспекце Леніна. Аднак не ўсе ўпэўненыя, што яна яшчэ працуе. У гандлёвым цэнтры “ОМА”, паводле ўдзельнікаў размовы, таксама можна знайсці асобныя тавары, але выбар абмежаваны.

Частка мастакоў цяпер замаўляе фарбы, пэндзлі, лакі і іншыя матэрыялы на маркетплэйсах. Там тавары часам таннейшыя і свежыя: адна з каментатарак сцвярджае, што ў горадзе можна сустрэць нават трохгадовы акрыл. Але і анлайн-пакупкі не вырашаюць праблему: дастаўкі затрымліваюцца, а без магчымасці памацаць паперу або праверыць адценне фарбы даводзіцца замаўляць некалькі варыянтаў навобмацак.

Такім чынам, у горадзе з мастацкімі навучальнымі ўстановамі і супольнасцю майстроў попыт на спецыялізаваную краму ёсць. Але ніша, падобна, застаецца амаль незапоўненай.

 

Штодзень

Related posts

Gods Tower збірае сродкі на рамонт магілы свайго заснавальніка Аляксандра Уракава

Прыпяць у Мазыры паставіла антырэкорд дня. Чаму галоўная рака Палесся мялее

“Толькі хардкор, толькі хорар”: у Ельску паскардзіліся на прыбіральню на аўтавакзале