HomelDays_Logo_Main-mobil

Гомельскі мясакамбінат сышоў на санацыю, ягоным супрацоўнікам прачыталі прапагандысцкую лекцыю пра турызм

Калі ідэалогія ідзе наперадзе эканомікі і часам нават палітыкі адбываюцца невытлумачальныя рэчы. Прадпрыемства, якое набрала пазыкаў на 122 млн рублёў, раздае “салдацкую” кашу на 9 траўня (падавалася б, грошаў на гэтага няма), а яго супрацоўнікам чытаюць прапагандысцкую лекцыю пра развіццё турызму (падавалася б, грошаў на паездкі ў іх няма).

Што з мясакамбінатам

Як пісаў “Штодзень”, запазычанасць мясакамбіната на канец студзеня складала 122,7 млн. рублёў. У адносінах да мясакамбіната пачалі 109 выканаўчых вытворчасцяў, рахункі арыштаваныя. У траўні суд павінны быў ацаніць вынікі папярэдняй работы па выхаду з крызісу прадпрыемства і вырашыць ягоны лёс. На практыцы гэта адбылося амаль на месяц пазней.

На судовым пасяджэнні прадпрыемства, якое займалася выхадам мясакамбіната з крызісу, прадставіла справаздачу і план санацыі, узгоднены з чыноўнікамі. З дакумента вынікае, што ў пазыкаў па заробках няма, патэнцыял для выхаду з крызісу ёсць.

У выніку эканамічны суд Гомельскай вобласці ўвёў на тры гады санацыю – працэдуру, якая павінная вывесці прадпрыемства з крызісу. Асабліва ў судзе падкрэслілі, што пры гэтым улічылі “значэнне прадпрыемства для эканомікі рэгіёну, спецыфіку і экспартную накіраванасць яго дзейнасці, а таксама сацыяльную значнасць і тое, што яно ў тым ліку адказвае за харчовую бяспеку краіны”.

На сайце Гомельскага мясакамбіната пра праблемы ні слова, падзеі на прадпрыемстве заканчваюцца 1996 годам і пачаткам рэканструкцыі вытворчасці. Ёсць 20 вакансіяў і амаль 19 фірмовых крамаў, кіёскаў і павільёнаў.

Пры чым тут турызм

У канцы траўня на фоне змагання з банкруцтвам на мясакамбінат прыехала прапагандысцкая група.

З лекцыяй на тэму “Трэнды і новыя напрамкі ў сферы развіцця турызму” выступіла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі адміністрацыі Навабеліцкага раёна Наталля Кот. Супрацоўнікі нават пра нешта яе запытвалі, але ні сутнасць пытанняў, ні адказы на іх невядомыя.

Што кажуць у сацсетках пра праблемы мясакамбіната

У асноўным каментатары здзіўляюцца, як мясакамбінат мог дайсці да стану банкруцтва: “Мяса ж залатая жыла”. “Развалілі ўсё”, – лічыць В. З ім згодны Ц.: “Давялі прадпрыемства да ручкі”.

Адказваюць на гэтыя пытанні іншыя каментатары: “Можа якасць прадукцыі дрэнная, людзі не хочуць купляць”, “Крадуць”.

К. запытваецца, колькі калгасаў вісіць на гэтым прадпрыемстве.

“Яшчэ і за гэта нам плаціць давядзецца”, – уздыхае К.Х.

Штодзень

Слайдар пастоў