HomelDays_Logo_Main-mobil

Гомельскі мясакамбінат на мяжы банкруцтва, але кіраўніцтва пераймаецца іншым

Гомельскі мясакамбінат спрабуе выйсці на санацыю, прычым у справаздачы праз гэта шмат разоў напісана “крытычны ўзровень”. Кіраўніцтва ж прадпрыемства арганізуе лекцыю “дэпутата” для калектыву пра абарончую здольнасць краіны і патрыятызм.

Запазычанасць мясакамбіната на канец студзеня складае 122,7 млн. рублёў, пры гэтым маёмасць і ўся прадукцыя – гэта толькі 48,5 млн, таксама ёсць 80 млн дэбіторскай запазычанасці, якую трэба атрымаць з даўжнікоў. У адносінах да мясакамбіната пачалі 109 выканаўчых вытворчасцяў, рахункі арыштаваныя.

18 траўня суд разгледзіць вынікі папярэдняй работы па выхаду з крызісу прадпрыемства, што можа вырашыць ягоны лёс.

“Крытычны фінансавы стан”

“ААТ “Гомельскі мясакамбінат” знаходзіцца ў крытычным фінансавым стане. Аперацыйная дзейнасць прадпрыемства стратная, яно цалкам залежыць ад пазыковых сродкаў і не здольнае пакрыць свае абавязанні наяўнымі актывамі. Асноўныя этапы працэдуры санацыі ўключаюць назіранне, фінансавае аздараўленне і знешняе кіраванне. Граматныя дзеянні антыкрызіснага кіраўніка забяспечаць прадпрыемству магчымасць разлічыцца з крэдыторамі і палепшыць фінансавае становішча”, – сказана ў антыкрызісным плане па прадпрыемстве.

Аўтары таксама адзначаюць: “Крайне нізкія тэмпы росту выручкі (101,3% у 2024 г.) сведчаць пра стагнацыю вытворчасці. Сабекошт практычна не зніжаецца (100,2%), што паказвае на неэфектыўнасць затратнай палітыкі. Аб’ём вытворчасці расце нязначна (102,9%), не забяспечваючы неабходных маштабаў для рэнтабельнасці”.

Паводле іх звестак, рэнтабельнасць продажаў знаходзіцца на крытычна нізкім узроўні. У прадпрыемства высокая рызыка банкруцтва (але ёсць шанцы на выхад з сітуацыі, дзякуючы санацыі). Пры гэтым “фінансавыя рэсурсы прадпрыемства вычарпаныя, адсутнічаюць унутраныя крыніцы фінансавання развіцця”, “крытычны стан абсталявання” (знос актыўнай часткі асноўных сродкаў 61,8% пры крытычным узроўні 50%, прыдатнасць усяго абсталявання 38,2%, “дэградацыя тэхнічнага патэнцыялу”), “катастрафічна нізкая эфектыўнасць”, “неэфектыўная інвестыцыйная палітыка”. У 2024 годзе прадпрыемства спрацавала стратна, як і ў 2023 годзе.

У адпаведнасці з дакументам, санацыя прапануецца на пяць год. Пакуль што ўсе выплаты па пазыках будуць прыпыненыя, абмежаванне на распараджэнне маёмасцю будуць знятыя. У плане санацыі таксама продаж прадукцыі, выпуск новых відаў, запатрабаваных на рынку, атрыманне дэбіторскай запазычанасці, аптымізацыя вытворчасці і продажаў.

На сёння на мясакамбінаце працуе 751 (па іншых звестках, спісачны склад 764) чалавек, пра праблемы прадпрыемства яны ведаюць. Запазычанасцяў па заробках няма. Асноўны гаспадар прадпрыемства Гомельскі абласны выканаўчы камітэт (99,5% акцый). Сам мясакамбінат валодае ўнітарным сельскагаспадарчым і гандлёвым прадпрыемствамі.

У асноўным прадукцыя мясакамбіната за мяжой прадаецца ў РФ і Казахстане (але ёсць таксама Кітай, Кыргызстан і Узбекістан), на экспарт ідзе 22,5% прадукцыі (прычым рост у 2025 годзе дэманстраваў толькі экспарт ва Узбекістан і Расію, астатнія рэзка знізіліся, а Грузія была згубленая). У 2026 годзе мясакамбінат паспрабуе прадаваць прадукцыю ў Арменію, у 2027 годзе вярнуцца ў Грузію і прыйсці ў Таджыкістан, 2029 – у Туркменістан.

Дэпутат Казачок распавядае работнікам стратнага прадпрыемства пра поспехі ў сферы абароназдольнасці. Фота: Гомельская праўда

Што цікава, у планах прадпрыемства, нягледзячы на праблемы, ўжо ў гэтым годзе заўважнае пашырэнне колькасці супрацоўнікаў да 850 чалавек.

Прадпрыемства з вялікай гісторыяй праблемаў

Гэта не першая праблема прадпрыемства. Трохі больш за 10 год таму, у 2015 годзе яго кіраўнік і чыноўнікі сталі фігурантамі справы пра 180 кг сапсаванага мяса. Тады мясакамбінату давялося ўзмоцнена працаваць над сваім іміджам. І, нягледзячы на гэта, у 2017 годзе выручка ўпала ў два разы.

Неаднаразова Россельхознадзор забараняў прадпрыемству пастаўляць прадукцыю ў РФ (асноўную крыніцу экспартнай выручкі) праз прэтэнзіі да якасці. І, падавалася б, гэтыя праблемы ў мінулым (апошнія навіны пра знятыя абмежаванні ў 2019, 2024 і сярэдзіну 2025 года), але ў снежні 2025 года ў ялавічыны з Гомеля расіяне паўторна знайшлі кішэчную палачку і часова абмежавалі пастаўкі ў РФ.

Дасягненні на ідэалагічным фронце

На фоне ўсіх гэтых дасягненняў кіраўніцтва прадпрыемства налягае на… ідэалогію. 17 лютага сабралі калектыў, “дэпутат Палаты прадстаўнікоў” Сяргей Казачок мог паразмаўляць з імі пра палітыку. А менавіта пра “Абарончую магутнасць беларускай арміі і патрыятызм у сучасных умовах”. “Дэпутат” бачыць “неразрыўную сувязь эканамічнай стабільнасці і абараназдольнасці дзяржавы”.

А кіраўніцтва даклала Казачку пра вынікі працы за мінулы год і як будуць добраўпарадкаваць тэрыторыю вакол камбіната.

Працоўныя мясакамбіната на сустрэчы з дэпутатам – у верхнім аддзенні. Відавочна, у цэхах на фоне марозаў не забяспечваюцца належныя ўмовы для працы. Фота: Гомельская праўда

Падаецца, што Гомельскі мясакамбінат і ягоны стан – цудоўная ілюстрацыя, што бывае, калі ідэалогія замяняе эканоміку.

Штодзень

Слайдар пастоў