Зіма настолькі падкасіла гомельскіх камунальнікаў, што яны не аправіліся да гэтага часу. Снег прыбіраюць так стабільна кепска, што на гэта ўжо не скардзяцца. Жыхары дамоў скідваюцца на трактары для прыборкі. Апошні выпадак у гомельскім раёне Хутарок патрапіў у сацсеткі і выклікаў вялікую дыскусію: талака ў гэтым выпадку гэта добра ці па выніку камунальнікі зусім не будуць выконваць свае абавязкі.
Пра таксу на прыборку снега ў Гомелі паведамлялі яшчэ ў студзені: ад 10 рублёў рыдлёўкай, ад 85 – трактарам. Што праўда тады ж у Жлобіне нанялі трактар за 200 рублёў у гадзіну. Уладам такая палёгка для камунальнікаў яўна падабаецца. Раёнка хвалілася, што ў Мазыры мясцовы жыхар прыбіраў на сваім трактары каля дома, а таксама бясплатна прыбраў снег каля школы, дзе вучацца ягоныя дзеці.
Навошта рабіць чужую працу
Асноўныя спрэчкі пад ролікам, ці варта было прыбіраць свой двор, калі ёсць камунальнікі і гэта іх работа. Адныя хваляць жыхароў Хутара за талаку, другія – жартам ці ўсур’ёз сварацца.
“Кожны атрымлівае заробак за сваю працу — чаму трэба скідацца і наймаць трактар і рабіць чужую працу?” – пыталіся ў ініцыятараў талакі.
“Ды сцяг вам у рукі — хто супраць? Я заўсёды за дружбу, але наймаць трактар за свае грошы — гэта ўжо перабор, хоць гэта ваша права”, – пераконвалі іх. Іншыя дадавалі: “Дзіўна, чым людзі ганарацца”, “А чым ганарыцца? Тым, што не працуе дзяржаўнае ЖКГ? А жыхары за свае грошы, за свой час вымушаны рабіць невыкананую чужую працу, якую гэтыя жыхары ўжо аплацілі?”
“Не трэба такіх ініцыятыў: сядуць на шыю. Сёння вы добраахвотна, а заўтра абавязалаўка будзе. У краіне куча гультаёў. Кожнаму міліцыянеру лапату ў рукі. А то працуюць толькі раз на пяць гадоў — і тое не на карысць людзей”, – напісала С.Я.
“За вашу ініцыятыву камуналку вам танней не зробяць: пакажаце ЖКГ, што можаце — і будзеце ўсе зімы самі чысціць. Весела будзе, калі падпішуць новы закон: двары абавязаны чысціць ЖЫХАРЫ”, – прадракалі іншыя.
“Плаціць падаткі і скідацца на трактар — гэта ўсё роўна што прыйсці ў цырульню, самім сябе падстрыгчы і заплаціць грошы”, – зрабіў выснову А.
“А цяпер няхай ЖКГ верне людзям іх патрачаныя сродкі — а то атрымліваецца, што ЖКГ узяў “адкат” за чужую працу!”, “Ніхто нічога не верне: яны могуць прыехаць, сфатаграфавацца, маўляў «мы папрацавалі», і з’ехаць” – спрачаліся карыстальнікі.
“Усё — хутка будуць за свае грошы прыбіраць двары: цяпер які-небудзь чыноўнік кіне на стол “рацуху”, – пісаў А.А. Падобныя аргументы былі і ў іншых: “А вы палягчаеце ім працу — цяпер дакладна ніхто нічога чысціць не будзе”, “Хутка пачнём яшчэ і асфальт класці”, “Праз год гэта стане вашым абавязкам — запомніце мае словы”.
Прычыну ў прыборцы з трактарам за свае грошы бачылі ў тым, што людзі звыкліся “у школах і фіранкі, і парты купляць”. Удзельнікі дыскусіі таксама чакалі штрафаў і не зразумела каму: трактарысту, жыхарам ці ўсім: “ЖКГ рахунак выставіць і штраф за самаўпраўства, а ўвесну яшчэ і сапсаваную плітку перакласці давядзецца за свой кошт!”
Некалькі каментатараў, падаецца, былі менавіта з нашумелага двара у Хутарку. С. Напісаў: “Што сказаць — ды, уласна, няма чаго: асабліва калі ў суботу пачысцілі, а ў нядзелю зноў засыпала. Ну што, суседзі, яшчэ скінемся? Заадно паглядзяць — і, акрамя паркоўкі і дарогі, пачнём чысціць. І смех, і грэх”. СТС наадварот абараняў ЖКГ, абураўся, што цяпер разумее, “адкуль бяруцца хлуслівыя навіны”, бо камунальнікі “пачысцілі цэнтральную частку і большасць дарожак”. Яшчэ адна жанчына адзначыла, што пабачыла трактар і цяпер ведае, чаму ён з’явіўся ў двары.
“Вось гэта па-нашаму, па-беларуску. Малайцы”, – абвесціў адзін карыстальнік. “Ага, гэта дакладна, па-беларуску: і падаткі сам заплаці, і двары сам пачысці”, – дадаў другі. Трэці прапанаваў паклікаць “гэтых жыхароў, калі вам, не дай Бог, лекар спатрэбіцца!”, каб яны і ягоную працу выканалі.
Кепская якасць работы камунальнікаў
Сярод пытанняў пра трактар шмат водгукаў пра тое, як працуюць, у сэнсе не працуюць камунальнікі. Жыхары не толькі раёны, нават канкрэтныя адрасы пішуць, быццам бы дворнікі прачытаюць і прыедуць пачысціць. А іншыя распавядаюць, што для іх такія прыборкі – звычайная справа ўжо.
“Да нас за ўсю зіму прыехалі 1 раз: тры разы адкінулі снег лапатай і з’ехалі. Таму што мы ўжо самі пачысцілі”, – прызнаецца карыстальнік. А.Х. пытаецца, дзе ўзяць прыватны трактар для Валатавы, Т.А. кажа пра падобную сітуацыю на Сельмашы, А.П. дадае, што “ў Манастырку ёсць вуліцы, дзе ніколі не чысцяць снег”. І. прапануе: “На Аэрадром заедзьце, на прыдамавыя тэрыторыі, асабліва на Кожара 4, 6, 8 і г.д”. А.Ю. прапануе прайсці па Палескай. “Двары ў Гомелі ўвогуле не чысцяць, ЖРЭУ-3 (Цэнтральны раён) адказвае: гэта вашы праблемы. Самі чысцім. З кожным годам усё горш”, – скардзіцца Н.
“Палову зімы не тапілі, і двор з пад’ездам УВОГУЛЕ не прыбіралі — поўны трэш быў, а камуналка прыйшла на 12 р больш. Цуд-краіна”, – скардзілася М.С.
“Нашлі мне «сенсацыю”! У нас на Мазурава мужчыны выходзяць з лапатамі і чысцяць свой двор, бо ў гэтым годзе ў нас увогуле трактар не чысціць. Ужо за час, як ляжыць снег, разы 3 чысцілі», – прызналася М.Я.
“Жывём у новым доме ўласнікаў. У наш пад’езд ні разу не прыязджалі прыбіраць. Каб камунальнікі гэта рабілі — таксама ніколі не бачылі. Мужчыны з нашага пад’езда заўсёды самі ўсё чысцяць: і лёд, і снег з тратуара, і дарогу каля дома, і паркоўку цалкам усю, і нават праезд да выезду са двара па меры магчымасці. Урну каля пад’езда таксама самі выносяць. Часам могуць дамовіцца з транспартам са будоўлі, каб дапамаглі прыбраць снег, калі яго вельмі шмат, каб усе маглі праехаць. А ўсё з-за таго, што заяўкі на ўборку снегу дагэтуль вісяць пратэрмінаванымі. І прасцей самому гэта зрабіць, чым чакаць іх”, – апісала Р.Н.К.
“Не ачышчаюць двор, дом 133, вул. Кірава. Звярталіся ў ЖЭУ, на прамую лінію адміністрацыі Цэнтральнага раёна, прамую лінію Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта. Праз 2 тыдні прыходзяць адпіскі, што ўсё ачышчана. Насамрэч нічога не робіцца”, – скардзілася Т.К.
“Муж з суседзямі рэгулярна чысціць двор, а ўчора пяском пасыпаў падыход да пад’езда. Галалёд… каму мы патрэбныя, акрамя саміх сябе”, – дадала Е.Л.
“Кожную зіму мы збіраемся ўсім домам і чысцім стаянку пасля кожнага снегападу. Прывітанне з Гомеля”, – напісаў І.
“Не чысцяць — ладна, але хоць бы пяском пасыпалі дарожкі. Глядзела ў акно сёння — некалькі чалавек упала. Сорам і ганьба, такога бардаку даўно не было!” – адзначыла І.П.М.
Дзе тэхніка?
“Дзе тэхніка — увесь горад завалены”, – піша адзін карыстальнік.
“У нас у Жлобіне таксама чакаюць, калі людзі самі расчысцяць горад», – дадае другі. Пацвярдзіў сітуацыю і Р.: «У Жлобіне таксама: там мы зрабілі — скінуліся і пачысцілі самі! Мы разумеем, што тэхніка не паспявае”.
“Вельмі цікавая сітуацыя. Зрэшты, як і многія іншыя. Тыдзень таму я плаціў выпадковаму трактарысту, каб ён расчысціў перакрыжаванне; у гэты час міма праехалі як мінімум тры МАЗы і тры трактары з паднятымі адваламі. Задаеш пытанне: «Чаму не чысціце?» Адказ: «А нам не казалі…”, – напісаў жыхар Гомеля яшчэ пасля студзеньскіх снегападаў студзені.
Адно з тлумачэнняў сітуацыі кепскі заробак у дворнікаў, іх скарачэнні і нават (!) паборы з іх.
“Дайце годную заробак і набярыце людзей, дайце тэхніку, дайце добры інвентар! Дворнікі за свае грошы купляюць пальчаткі, граблі, лапаты: лапата каштуе 60 р, граблі — 45, пальчаткі — па 5, а інвентар купляюць, бо ім так зручней працаваць! Вы бачылі, што выдаюць — за дзень рукі забітыя, дык вось і думайце, хто будзе працаваць?” – запытвалася А.
У сваю чаргу, па звестках Т.С: “У Гомелі ўсіх дворнікаў скарацілі. Таму ўсе чакаюць, калі жыхары выйдуць чысціць тэрыторыю ад снегу самі”.
Але не абышлося і без іншага тлумачэння ад карыстальніка з імём «Батек» (Батёк?). Ва ўсім вінаватыя “бчб-навіны”, якія “даносяць, каб пазлаваць”. Хіба з такім жа падыходам працуюць і рэгіянальныя ўлады, інакш бы праз месяц пасля пачатку сапраўднай зімы, яны змаглі б справіцца з сітуацыяй. І дворнікі бы знайшліся, і інвентар, і трактары.

