У Гомелі ў Рускім доме анансавалі сустрэчу з мастаком-муралістам Канстанцінам Окуневым — аўтарам шэрагу вядомых гарадскіх графіці, якія на працягу гадоў успрымаліся як частка лакальнай культурнай і патрыятычнай прасторы. Сустрэча адбудзецца ў межах праекта “Формула творчасці”, які рэалізуецца расійскай установай.

Праца Канстанціна Окунева, прысвечаная рэпрэсаванаму архітэктару Ст. Шабунеўскаму
Канстанцін Окунеў вядомы ў Гомелі перадусім двума знакавымі працамі. У 2013 годзе ён стварыў мурал з выявай архітэктара Станіслава Шабунеўскага на доме №44 па вуліцы Кірава. Партрэт паказвае толькі палову твару — гэта сімвалічны вобраз незавершанасці лёсу архітэктара, які не змог скончыць праект будынка з-за рэпрэсій і ссылкі на Беламорканал. Праца доўгі час успрымалася як візуальнае ўшанаванне памяці рэпрэсаванай беларускай інтэлігенцыі.
Яшчэ адзін прыклад — удзел Окунева ў афармленні аўтобуса баскетбольнага клуба “Цмокі-Мінск”, дзе ў аснову дызайну быў пакладзены беларускі міфалагічны вобраз цмока. Праект падаваўся як эксперымент з сучаснай гарадской эстэтыкай і нацыянальнай сімволікай, выкананы ў Гомелі студыяй Fresh Design.

Рускія дамы — гэта сетка ўстаноў, якія каардынуюцца праз Рассупрацоўніцтва і выконваюць функцыю культурнай дыпламатыі Расіі за мяжой. У беларускіх умовах яны разглядаюцца як элементы пашырэння расійскага гуманітарнага і ідэалагічнага ўплыву, асабліва на фоне ліквідацыі незалежных культурных і грамадскіх ініцыятыў. Пасля знішчэння структур грамадзянскай супольнасці і выціскання незалежнай культуры з публічнай прасторы, менавіта такія інстытуцыі ўсё часцей становяцца адзінымі дазволенымі “культурнымі пляцоўкамі” ў горадзе.