«16 лютага, Літва святкуе дзень аднаўлення дзяржавы. У гэты дзень у 1918 годзе літоўская тарыба, як зараз прынята казаць, савет, падпісала акт аб незалежнасці», – распавёў у відэазвароце гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка. Паводле яго, тады Літва вярнула сабе права быць свабоднай і дэмакратычнай.
«Для мяне, як і дзясятка тысяч іншых беларусаў, гэтае свята мае асаблівы сэнс, бо менавіта Літва дала нам палітычны прытулак, бяспеку і надзею на лепшую будучыню. За гэта мы ўдзячныя кожнаму чалавеку, які будаваў і абараняў вашу свабоду», – адзначыў Судаленка, які жыве ў Літве ў вымушанай міграцыі.
Ён павіншаваў літоўцаў са святам: «Няхай свабода, права і годнасць заўсёды будуць падмуркам вашай дзяржавы».
Праваабаронца пачаў і завершыў свой зварот на літоўскай мове.