Новы прызначэнец на пасаду кіраўніка Гомеля Руслан Пархамовіч, які стартаваў з масавага забойства сабак у горадзе, вырашыў узяцца за “дызайн-код” горада. Інфармацыя пра гэта выклікала скептыцызм у гараджанаў: адныя кажуць, што створаць нешта страшнае, іншыя наракаюць на больш важныя праблемы ў Гомелі.
Што прыдумалі ўлады
Гарадскія ўлады дэкларуюць пачатак “маштабнай работы па распрацоўцы дызайн-кода Гомеля”. Для пачатку створаць нарматыўны дакумент, які павінны “сістэматызаваць візуальны вобраз Гомеля”.
На практыцы там будуць патрабаванні па афармленні розных гарадскіх дакументаў. Асаблівую ўвагу хочуць звярнуць на стандарты размяшчэння інфармацыйных канструкцый на фасадах будынкаў, “гарманічнаму ўладкаванню навакольных тэрыторый”, аднолькавыя прыпынкі. У нарматывы загоняць від фасадаў дамоў, слупы для вулічнага асвятлення і шмат што іншае.
“Гэта дазволіць пазбегнуць хаатычнасці ў гарадскім афармленні, створыць адзіны архітэктурны стыль і павысіць пазнавальнасць Гомеля”, – пераконваюць у гарвыканкаме.
Мы пафантазіравалі разам са штучным інтэлектам, як можа выглядаць такое “паляпшэнне” ад гомельскіх уладаў.
Рэакцыя жыхароў Гомеля
Першае, на што звярнулі ўвагу каментатары і пра што маўчаць гарадскія ўлады: адкуль грошы на “дызайн-код”, хто будзе за гэта плаціць і хто атрымае замовы на аднолькавыя шыльды.
“Шыльды – гэта такое глупства. А колькі грошай будзе выдаткавана! Лепш добраўпарадкуйце двары і дарогі. Зайдзіце ў многія двары ў Савецкім-вузенькія, асфальту няма, велізарныя ямы. Каму патрэбныя гэтыя шыльды, хай людзі шыльду робяць сабе якую хочуць – гэта ж элемент творчасці!!!” – напісала А.М.
“Гэта ж не грошы горада будуць выдаткаваныя, а грошы кампаній. Гораду на гэта адкрыта напляваць”, – адказаў Р.Д.
“Калі гэта прымуць, то змены будуць за кошт саміх крам, салонаў і г.д. А гэта вялікія грошы”, – звярнула ўвагу Н.С.
“Ну парадак наводзіць вядома трэба. Толькі ў нас гэта ператвораць у нешта шэрае і нуднае”, – перакананы Я.
“Мабыць, усе шыльды будуць на беларускай мове”, – ці тое марыць, ці тое піша з сарказмам Т.
“Паўночная Карэя зайшла ў чат”, – піша карыстальніца Гр.
У асноўным людзі звяртаюць увагу, што ў Гомелі і без шыльдаў ёсць чым займацца. Напрыклад, праблемы з тратуарамі, пад’ездамі, таксама можна разабрацца з агароджамі, няскошанай травой, дарабіць усходні абход, веладарожкі, недахоп прыпынкаў.
“Што наогул у галаве ў людзей, прыдумаць такое? Я так разумею, ні ў адным горадзе свету няма такога ідыятызму. Можа перш чым нешта рабіць, арганізаваць на сайце аблвыканкама адкрытае галасаванне: ці трэба гэта людзям???” – запытваецца Е.
У рэшце рэшт Р. напісаў: “Вярніце Прывалава” – мінулага кіраўніка горада. Гэта ж трэба так Пархамовічу пачаць работу, каб так хутка папрасілі вярнуць мінулага. Таго, пры кім у горадзе з’явіўся расійскі памятнік Ракасоўскаму і жахлівая плошча Паўстання.
Можна пачытаць па тэме:
QR-код на помніку, віртуальныя памінкі ці ЭКА-могілкі – якая будучыня чакае рытуальную галіну
У Гомелі забароняць надпісы на лацінцы?



