Старшыня Гомельскага гарвыканкама Руслан Пархамовіч узгадніў працяг працоўных адносін з дырэктаркай гімназіі №10 Ірэнай Бяспалай. Пра гэта паведамілі ўлады падчас чарговага “кадравага дня”.

Гімназія №10, якую гомельцы ведаюць як “ангельскую”, доўгі час лічылася адной з найбольш прэстыжных навучальных устаноў горада. Аднак выпускнікі і супрацоўнікі, з якімі паразмаўляў “Штодзень”, ацэньваюць апошнія гады яе развіцця крытычна.
“Пры Бяспалай 10-я гімназія прыкметна памеркла. Згубіла свой элітны статус, перастала змагацца за перадавыя месцы, быць лідарам. Цяпер на першых пазіцыях іншыя гімназіі. А 10-я стала проста звычайнай школай”, – расказаў адзін з выпускнікоў.
Суразмоўцы “Штодня” характарызуюць Бяспалую найперш як кіраўніцу чыноўніцкага тыпу і лічаць, што пры ёй гімназія страціла частку ранейшых амбіцый і адметнасці.
Таму працяг кантракту азначае перадусім захаванне цяперашняга курсу. І калі меркаванні выпускнікоў і супрацоўнікаў слушныя, для некалі знакамітай “ангельскай” гімназіі гэта хутчэй шлях да далейшай страты свайго асаблівага статусу, чым да вяртання ў лік адукацыйных лідараў Гомеля.