Агучаныя першыя лічбы кампаніі па рэгістрацыі хатніх жывёлаў. У Гомелі яе актывізацыя прыйшлася на ліквідацыю бяздомных сабакаў, якую абвясціў новы кіраўнік гораду Руслан Пархамовіч.

Што вядома
Рэгістрацыя цяпер з’яўляецца абавязковай. «Калі грамадзянін хоча зарэгістраваць сабаку, якая адносіцца да патэнцыйна небяспечных парод, то неабходна прайсці курсы па ўтрыманні і развядзенні сабак спецыяльна небяспечных парод», – заявіла рэгіянальнаму прапагандысцкаму тэлеканалу начальнік службы Савецкага раёну Гомеля Марыя Абасава.
Ёсць іншыя патрабаванні.
Згода гаспадара ўласніка памяшкання, калі чалавек з жывёлай жытло арандуюць.
Зарэгістраваць гадаванца неабходна на працягу трох дзён пасля яго з’яўлення ў доме. Шчанюкоў і кацянятаў – праз тры месяцы.
Лічбы
Паводле даных гарвыканкама, на канец чэрвеня ў Гомелі зарэгістраваныя больш за 11 тысяч хатніх жывёл. Толькі ў Савецкім раёне з пачатку бягучага года на ўлік пастаўлена каля 4 тысяч хатніх жывёл: гэта 2 228 сабак і 1 674 каты і кошкі.
Адна з жыхарак Гомеля пахвалілася прапагандыстам, што прайшла працэдуру рэгістрацыі свайго сабакі за 10 хв. Акрамя таго, да канца года абяцаюць зрабіць магчымасць афармляць гэтыя дакументы анлайн.
Аптымізм і прапагандыстаў, і жыхаркі Гомеля выглядае перабольшаным. Яшчэ ў чэрвені «Штодзень» пісаў, што зоактывістка з Гомеля Святлана Лапо вырашыла зарэгістраваць сабаку ў Новабеліцкім раёне Гомеля і змагла гэта зрабіць толькі з трэцяга разу. Мала таго, аказалася, што пошук згубленых жывёлаў нават пасля рэгістрацыі абсалютна не наладжаны.
Для гамельчан неабходнасць таго, каб камунальнікі ведалі, што жывёла мае гаспадара апошнім часам вырасла шматкроць. Прычына ў актыўнай кампаніі пераследу бяздомных жывёлаў, якую новае кіраўніцтва горада і нават вобласці актывізавала апошнім часам.