Роўна з Брагінам па забруджванню ідзе Слаўгарад у Магілёўскай вобласці. Інфармацыя пра гэта была агучаная на прэс-канферэнцыі Белгідрамета “Радыяцыйная абстаноўка ў Беларусі: вынікі маніторынгу і гарантыі бяспекі”.

Алег Дзюбайла, начальнік службы радыяцыйнага маніторынгу Белгідрамета, кажа, што ў Беларусі працуюць 120 пунктаў радыяцыйнага маніторынгу.
“Больш высокія значэнні магутнасці дозы гама-выпраменьвання захоўваюцца на пунктах назірання Брагін і Слаўгарад. Гэта звязана з тым, што гэтыя населеныя пункты знаходзяцца на тэрыторыях, якія пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі”, – прызнаў ён.
У адпаведнасці з афіцыйнай версіяй, якую паўтарыў і Дзюбайла, “радыяцыйная абстаноўка на гэтых пунктах назірання захоўвае станоўчую тэндэнцыю да паступовага зніжэння”.
Ён прызнаў рызыкі ад пажараў у лясах каля ЧАЭС на ўкраінскай тэрыторыі. Пашэнсіла, што вецер дзьмуў не ў бок Беларусі, але ў цэлым усё залежыць ад тэрыторыі, інтэнсіўнасці, актыўнасці, плотнасці забруджвання. «Тыя пажары, якія мы назіралі, вялікага ўкладу ў дозу не давалі», – патлумачыў прадстаўнік Белгідрамета.
Самая забруджаная радыенуклідамі рака Ніжняя Брагінка, якая цячэ па Брагінскім раёне і пасля ў межах Украіны. Тлумачаць гэта чыноўнікі тым, што яе вадазбор праходзіць па тэрыторыях, пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС.
Ёсць і іншыя праблемы з забруджваннем рэкаў у нашым рэгіёне. “Найбольш часта перавышэнне [па біягенных рэчывах] фіксуецца ў басейнах Заходняга Буга, Дняпра, Прыпяці — па поўдні, атрымліваецца, поўдзень і ўсход, паўднёвы ўсход”, – адзначыла Паліна Пальчэх, вядучы інжынер службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета.
Алег Дзюбайла ў цэлым параіў не збіраць ў Гомельскай вобласці грыбы і ягады, бо яны з’яўляюцца акумулятарамі для радыяцыі: «На Гомельшчыне лепш такой вось ціхім паляваннем проста не займацца. Навошта рызыкаваць? Хутчэй за ўсё трапяцца брудныя грыбы і ягады, вельмі-вельмі верагодна».
З гарадоў Гомельшчыны праблема з паветрам ёсць у Добрушы (праблемы па дыяксіду азоту), а Рэчыцу наадварот хвалілі, у якой ужо не першы год не фіксуюцца перавышэнні гігіенічных нарматываў.