У міжнародным аэрапорце Гомеля адкрылася чарговая экспазіцыя “Рускага дому” пад назвай “Дакраніся да гісторыі”. Афіцыйна яна прыўрочана да “80-годдзя Вялікай Перамогі”.
Фота: Рускі дом у Гомелі
Аднак у аснове выставы — не сапраўдныя гістарычныя фотасведчанні, а пастановачныя кадры з рэканструкцый. Фатограф Таццяна Жураўлёва паказвае сцэны “Партызаны Палесся” і “Медсанбат”, дзе акцёры ў касцюмах і дэкарацыях імітуюць падзеі мінулага. Такім чынам у аэрапорце пад выглядам “гісторыі” дэманструюцца сучасныя інсцэніроўкі, якія не маюць дачынення да рэальных дакументаў ці сведак тых гадоў.

Асабліва паказальна, што такая выстава адкрываецца менавіта ў аэрапорце, дзе праходзіць вялікі паток пасажыраў. Гэта чарговая дэманстрацыя “кантролю” “Рускага дому” над стратэгічным аб’ектам і спроба ўплыву на свядомасць нават праз выпадковых падарожнікаў. Раней Штодзень пісаў пра акцыі ў гомельскім аэрапорце, арганізаваныя “Рускім домам”.


