Дзе пабудуюць другую АЭС у Беларусі. Чаму пад пагрозай Гомельшчына

Нядаўна Аляксандр Лукашэнка заявіў пра гатовасць прыняць палітычнае рашэнне наконт будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі ў Беларусі. Паводле афіцыйнай інфармацыі, на адмысловай нарадзе абмяркоўваліся вынікі працы БелАЭС, рост электраспажывання і магчымыя варыянты новых атамных магутнасцяў.

Лукашэнка паведаміў, што пытанне другой АЭС абмяркоўвалася і з Уладзімірам Пуціным падчас сустрэчы на Сусветным тыдні атамнай энергетыкі. Паводле яго слоў, з расейскага боку “ёсць разуменне і падтрымка”, а цяпер “чарга за Беларуссю”. Разглядаюцца два варыянты: будаўніцтва трэцяга энергаблока ў Астраўцы альбо ўзвядзенне новай станцыі на ўсходзе краіны. Першы сцэнар выглядае таннейшым з-за гатовай інфраструктуры, другі ж, паводле Лукашэнкі, можа даць “магутны імпульс развіццю ўсходняга рэгіёна”.

Асобную ўвагу прыцягвае менавіта ўсход Беларусі. Хоць публічна гучала прапанова размясціць станцыю ў Магілёўскай вобласці, існуюць ускосныя сведчанні, што разглядаецца і Гомельшчына. Падчас Сусветнага тыдня атамнай энергетыкі прадстаўнікі БелРАО (дзяржпрадпрыемства, якое займаецца перапрацоўкай і захоўваннем радыяцыйных адкідаў) паведамілі, што цяпер ідзе выбар пляцоўкі для пункта абыходжання з радыеактыўнымі адходамі. Адзін з варыянтаў — каля дзейнай БелАЭС, другі — побач з магчымай новай станцыяй. Таксама, паводле слоў кіраўніцтва прадпрыемства, разглядаюцца тэрыторыі ў Гомельскай вобласці, якія дагэтуль не выкарыстоўваюцца з-за наступстваў аварыі на ЧАЭС. Пры выбары месца асаблівая ўвага надаецца геалогіі, стану глебаў і падземных водаў.

Сваю ацэнку планам будаўніцтва другой АЭС на забруджаных радыяцыяй  тэрыторыях выказаў па просьбе “Штодня” навуковец і радыяцыйны хімік Сяргей Бесараб:

– Праблема ў тым, што радыеактыўныя нукліды за гэтыя дзесяцігоддзі мігравалі ў глебе. Падчас будаўніцтва зямлю будуць капаць, разрываць — і гэта непазбежна прывядзе да экалагічнай катастрофы. Па-другое, ёсць пытанне да бяспекі саміх рабочых: колькі “гарачых” часціц яны атрымаюць падчас работ? Цяпер усе маюць доступ да інтэрнэту, усе могуць прачытаць пра рызыкі. Хто ўвогуле пагодзіцца там працаваць? Хіба што пад прымусам. Не выключана, што ўлады знойдуць грошы і прымусяць працаваць зняволеных людзей. Але нават школьніку відавочна: як толькі пачнуць уздымаць гэтыя “супакоеныя” землі, здарыцца радыялагічная катастрофа. У першую чаргу — для тых, хто будзе там працаваць

Штодзень

 

Слайдар пастоў