Блогер Максім Філіповіч запомніўся многім як адзін з герояў пратэстаў 2017 года. Ягоныя стрымы глядзелі сотні тысяч людзей, яго судзілі, а ён адважна выступаў супраць “Дэкрэту аб дармаедах”. Тады многія прадказвалі яму ролю сур’ёзнага грамадскага і палітычнага лідара. Але ўжо тады, на хвалі папулярнасці, некаторыя ягоныя паплечнікі сігналізавалі пра тое, што Макс не зусім той за каго сябе выдае.
Максім Філіповіч падчас аднаго з судоў. Фота: Еўрарадыё
Гомельскі праваабаронца-палітвязень Леанід Судаленка прыгадвае, як Максім Філіповіч з’явіўся ў апазіцыйных шэрагах:
– Максім Філіповіч з’явіўся ў 2017 годзе. Да гэтага ён вёў YouTube-канал пра кітайскі шарпатрэб, “набіўшы руку” на дробных аглядах. Але калі ён звольніўся з працы кіроўцы на прадпрыемстве “Сейсматэхніка” ці ў яго там скончыўся кантракт (не буду казаць дакладна, бо не памятаю), ён раптам пераключыўся на антыдзяржаўныя пратэсты. Пачаў хадзіць на Палескую (галоўны офіс апазіцыі ў Гомелі), як на працу. Падчас пратэстаў яго не раз затрымлівалі, тады ён праяўляў цікавасць да апазіцыйнай дзейнасці. Але паколькі быў без працы і без грошай, я часта браў яго з сабой у паездкі па рэгіёнах, у прыватнасці, па Магілёўшчыне. Ён там рабіў нейкія стрымы. А паколькі ў яго самога часта не было ні капейчыны, я яго карміў падчас камандзіровак. Я не кажу гэта, каб пахваліцца, маўляў, “карміў яго”, а проста так яно і было: даводзілася частаваць. А пасля ён, можна сказаць, плюнуў у тую міску, якую я яму прапанаваў, калі пачаў мяне абражаць.

Леанід Судаленка Фота: з асабістай старонкі ў ФБ
У тым самым 2017 годзе Максім Філіповіч ладзіў вельмі паспяховыя стрымы, якія глядзелі тысячы людзей. Падчас анлайн-сустрэч з праціўнікамі адыёзнага дэкрэту ён умеў знаходзіць трапныя словы, якія чаплялі беларусаў. Неўзабаве ад малавядомага блогера, які рабіў агляды прадуктаў і выкладаў малацікавыя рэфлексіі на бягучы парадак дня, ён эвалюцыянаваў у лідара думак. За гэта яго пачалі не толькі пазнаваць на вуліцах прыхільнікі, але і пераследаваць улады. Калі ў Гомелі пачаліся суды, на іх прыходзілі дзясяткі чалавек.
Прэса пісала пра Максіма як пра аднаго з патэнцыйных лідараў беларускай салідарнасці. Побач з ім заўсёды былі ягоныя жанчыны: маці, якая вельмі аддана выступала ў абарону сына, і жонка, што давала інтэрв’ю, перадавала перадачы ў ізалятар. Здавалася, гэта пачатак вялікага шляху. Але ўжо тады з’яўляліся першыя “званочкі”. Калегі па блогерскім цэху пачалі яго крытыкаваць. “Не хочацца цяпер гаварыць пра Філіповіча, бо ён мне не цікавы зусім. Нават не ведаю, які кантэнт ён там вырабляе. Але, калі гаварыць пра прычыны халодных стасункаў паміж намі і ім, то я б сказаў, што на пагаршэнне стаўлення да яго з боку блогерскай тусоўкі Гомеля паўплывала яго фанабэрыя. Ён глядзеў на ўсіх зверху ўніз, а потым панеслася ўвогуле”, – гаворыць вядомы блогер Віктар Рубцоў, які ў пэўны час быў адным з лідараў пратэстаў у Гомелі.
Максім Філіповіч. Фота: БАЖ
”Быў такі камічны выпадак, калі я ў аўтасалоне купіў машыну — Nissan, на якой мая сям’я збіралася ездзіць. Максім пачаў рэзка распытваць, адкуль у мяне грошы на гэтую машыну. І яшчэ адзін эпізод: калі адбываўся нейкі чарговы суд над актывістамі, мая жонка прыехала на гэтай машыне, каб забраць мяне і падвезці дадому. Мы таксама і Максіма падвезлі, бо ён жыў каля нас, на Лазурнай вуліцы. І вось ён спытаў: “Дык гэта і жонка твая на машыне?” Я пажартаваў, што так, маўляў, мы купілі адразу дзве машыны, бо ў салоне была вялікая акцыя. І настолькі гэта яго закранула, што ён доўга не мог супакоіцца: як гэта — “аж дзве машыны”? Хоць на самой справе гэта быў жарт, ніякіх дзвюх машын у нас не было…”, – дзеліцца гісторыяй Леанід Судаленка.
Так сталася, што менавіта Гомель быў адным з пратэстовых цэнтраў антыдармаедскага руху. Тут прайшла адна з самых масавых акцый пратэсту, якая дала імпульс мітынгам па ўсёй краіне. Менавіта з Гомеля выйшла цэлая пляяда яркіх блогераў: Віктар Рубцоў, Дзмітрый Сабураў, Арцём Шапараў, Данута Хлусня – усе яны ў далейшым створаць крутыя прадукты. А некаторыя дагэтуль з’яўляюцца топавымі лідарамі інфармацыйнага поля, як заснавальнік медыяпраекту “Рэальная Беларусь” Арцём Шапараў. Ніхто з гомельскіх не перайшоў на бок улады і блогеры дагэтуль застаюцца крытыкамі аўтарытарнага рэжыму. Ніхто, калі не лічыць Максіма Філіповіча.
Леанід Судаленка:
– Ну, і пэўныя змены з ім пачаліся яшчэ да 2020 года. Ён стаў абражаць сваіх калег-блогераў з “Ротарнай Жаткі” — спачатку за дробязі, потым перакінуўся на праваабаронцаў і журналістаў. Нібыта шукаў у кожнага нейкія карыслівыя інтарэсы, нейкія хібы, вінаваціў у тым, што мы, маўляў, “гранты спажываем”. Хоць на самой справе мы ж не раз яму дапамагалі: і кансультацыямі, і я асабіста пісаў за яго скаргі ў Камітэт ААН па правах чалавека, і штрафы ягоныя кампенсавалі. А ён усё гэта вывярнуў наадварот — і ў публічнай сферы пачаў нас палівіць брудам.
Напрыклад, падчас стрыму 28 красавіка 2018 года блогер заявіў, што яму было агідна назіраць партыйныя сцягі і расцяжкі падчас чарнобыльскай акцыі ў Мінску: “Усё прагніла, усё прагніла цалкам”, – некалькі разоў паўтарыў ён. – “Людзі ходзяць, штрафы выбіваюць сабе. Дапамажыце заплаціць штрафы, у вас жа ёсць грошы… Вы ж пілiце іх, гэтыя бабкі, тонамі, я ж усё ведаю…” “А потым ідуць арышты, па некалькі соцень і нават мільёнаў долараў знаходзяць — нармальна, а людзям на штрафы грошай няма! Панакуплялі сабе кватэр, машын, дач, а простыя “змагары” пакутуюць пастаянна: суткі, штрафы і сядзяць галодныя”, – нечакана абрынуўся з крытыкай на сваіх паплечнікаў блогер.
Пасля гэтага стрыму Леанід Судаленка быў вымушаны публічна адказаць на беспадстаўныя абвінавачанні, патлумачыўшы, што ўсе штрафы і выдаткі на абарону ўдзельнікам тых пратэстаў у гомельскім рэгіёне былі кампенсаваныя. У тым ліку падтрымку ў чарговы раз атрымліваў сам Філіповіч.
Максім Філіповіч на ўручэнні прэміі “Журналіст года” Асамблеі НДА. Фота: Гомельская Вясна
Калі паглядзець на кантэнт відэаканала Максіма Філіповіча сёння, то там змешваюцца дзіўныя рэчы: агляды кансерваў на адпаведнасць ГОСТ-у, дэгустацыя расейскіх ваенных сухпайкоў у прамым эфіры і — самае нечаканае — гларыфікацыя дыктатуры. Ад месца, дзе нарадзіўся Аляксандр Лукашэнка (ёсць на канале Філіповіча эпічнае відэа пра прэзідэнцкую радзіму Александрыю), да ўзнёслай падачы ягоных выступаў (з пафасным усхваленнем) — усё пабудавана на ўзмацненні культу.
Відэа Максіма Філіповіча на праўладным тэлеканале
Што ж адбылося з чалавекам, які калісьці быў адным з топавых апазіцыйных блогераў, а цяпер стаў фактычна апалагетам рэжыму? Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Максім Філіповіч перажывае цяжкі асабісты крызіс, выкліканы праблемамі ў сям’і. Яшчэ адной прычынай “метамарфозы свядомасці блогера” магло стаць тое, што яго, запалохалі. Яшчэ да 2020 года, калі запахла смажаным, у ягоных паводзінах былі відавочныя прыкметы пераменаў. Ён пачаў крытыкаваць нават тых, хто раней яго падтрымліваў. Ён рэзка выказваўся пра незалежных журналістаў і блогераў рэгіёна, адкрыта іх абражаў у стрымах, публікацыях і каментарыях.
”Я б сказаў, што ён — чалавек выпадковы. Я не здзіўлены тым, што ён зноў змяніў свае погляды. Таму для мяне зусім не дзіўна, што ён цяпер абслугоўвае рэжым. Бо, паўтаруся, гэта чалавек без усялякіх каштоўнасцяў. Ён не ідэйны, а чыста меркантыльны. Так атрымалася, што ён выпадкова прыбіўcя да нашага кола…”, – гаворыць Леанід Судаленка.
Што з ім адбылося насамрэч — цяжка сказаць адназначна. Але відавочна адно: Максім Філіповіч з героя, якім яго ўспрымалі тысячы беларусаў у 2017-м, ператварыўся ў чалавека, што ў публічнай прасторы ўмацоўвае пазіцыі рэжыму.