Месцаў, дзе ў Гомелі можна патанцаваць, ставіцца ўсё менш (пра закрыццё ці скарачэнне часу працы начных клубаў з-за скарг ад жыхароў прылеглых дамоў «Штодзень» пісаў раней). Здаецца, рашэнне праблемы гучнасці знойдзена. Нашы журналісты схадзілі на Silent disco (бязгучныя танцы), каб зразумець, ці можна такую практыку распаўсюдзіць на Гомель.
У апошнія гады бязгучныя танцы былі вельмі папулярнымі ў розных еўрапейскіх краінах. Бязгучныя яны толькі для тых, хто не ўдзельнічае ў мерапрыемстве, бо кожны танцор, канешне ж, слухае музыку, але ў навушніках.
Такі фармат мае шэраг плюсаў. Бязгучную дыскатэку можна арганізаваць у любым месцы ў любы час, і гэта нікому не будзе перашкаджаць. Мерапрыемства ў Беластоку зладзілі наўпрост на вуліцы ў цэнтры горада, і нават калі танцоры часам падпявалі любімым спевакам, гэта было цішэй, чым гоман ад аўтамабіляў. Мясцовыя бабулі, замест таго, каб пісаць скаргі, самы прыйшлі, каб патанчыць.
Пачалося ўсё з чаргі да століка з навушнікамі, якія бясплатна раздалі на час мерапрыемства.

Розныя асобы маюць розныя густы. На звычайнай дыскатэцы аднаму ціха, іншаму – гук б’е па вушах. Пакуль хтось скача пад улюбёную кампазіцыю, іншыя на ўзбоччы скардзяцца, што дыджэй ставіць не тое. Навушнікі даюць магчымасць выбару. Тры дыджэя граюць адначасова музыку розных стыляў. Пераключаеш навушнікі на тое, што даспадобы. Навушнікі свецяцца трыма рознымі колерамі, у залежнасці ад выбару канала (нашае сэрца скарыў «чырвоны») – так можна зразумець, хто слухае тую ж кампазіцыю, што і ты. Рэгулюецца і ўзровень гучнасці.

На бязгучныя танцы прыходзяць самыя розныя катэгорыі насельніцтва: ад юнакоў да асоб у залатым веку. Шмат хто прыходзіць сем’ямі.
Пакаленне 1970–1980 гадоў на ціхай дыскатэцы можа здзейсніць мару юнацтва – паўтарыць сцэну з фільма «Бум» – рамантычны танец закаханых у навушніках пасярод агульнай весялосці.

Вырашыў патанцаваць і намеснік прэзідэнта (беларусам у гэта цяжка паверыць, але ў Польшчы кожны горад мае свайго прэзідэнта) Беластока. Чым адкажа У. Прывалаў?
У Гомелі бязгучныя дыскатэкі маглі б стаць як выратаваннем для начных клубаў, так і дадатковай атракцыяй для гарадскіх мерапрыемстваў. Канешне, патрэбна купіць абсталяванне. Але калі не выдаткоўваць грошы на ганарары даўно не актуальных савецкіх і расійскіх «зорак» сцэны, то й гэта праблема падаецца вырашальнай.




