Пасля навіны пра тое, што былы старшыня Гомельскага гарвыканкама Уладзімір Прывалаў мог стаць фігурантам крымінальнай справы, “Штодзень” вырашыў успомніць яшчэ аднаго былога кіраўніка горада — Пятра Кірычэнку. Тым больш што ягонае знікненне з палітычнага небасхілу ў свой час таксама абрасло чуткамі. Цяпер стала зразумела: Кірычэнка нікуды не знік. Ён знайшоўся на цалкам камфортнай пасадзе дырэктара санаторыя “Чонкі”.

Ураджэнец украінскай Горлаўкі Пётр Кірычэнка ўзначальваў Гомель цягам 10 гадоў – з 2012 па 2022 гг. Менавіта на яго тэрмін прыпалі пратэсты 2020 года, масавыя рэпрэсіі, затрыманні і разгром грамадзянскай супольнасці. Менавіта пры ім Гомель стаў адным з цэнтраў палітычнага пераследу на поўдні краіны. Таму, калі ў 2022 годзе Кірычэнка нечакана пакінуў пасаду старшыні гарвыканкама, многія пачалі шукаць схаваныя прычыны. Тым больш што гэта адбылося ўжо пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны.
Версій было шмат. Аднак, паводле нашае інфармацыі, на адстаўку магло паўплываць украінскае паходжанне чыноўніка. У адрозненне ад многіх калегаў, Кірычэнка ніколі не дэманстраваў нейкіх асаблівых ваганняў у пытаннях лаяльнасці ўладам. Наадварот, ён заставаўся цалкам сістэмным кіраўніком. Але ў атмасферы 2022 года нават наяўнасць радні ва Украіне магла выглядаць фактарам рызыкі для кар’еры.

У пачатку 2024 года сітуацыя атрымала новы паварот. З’явілася інфармацыя, што былы кіраўнік Гомеля нібыта трапіў у ізалятар часовага ўтрымання. Пра гэта паведамляла “Радыё Свабода” са спасылкай на людзей, якія знаходзіліся там у той час. Праўда, ніхто самога Кірычэнку не бачыў.

Але ўжо праз некалькі дзён гэтая версія фактычна рассыпалася сама сабой. Высветлілася, што Пётр Кірычэнка ўзначальвае Гомельскую абласную выбарчую камісію падчас так званага Адзінага дня галасавання. Для чалавека, які нібыта знаходзіцца пад следствам, гэта выглядала б вельмі дзіўным прызначэннем. У 2025 годзе ён у складзе гомельскай дэлегацыі прысутнічаў на 7-м Усебеларускім народным сходзе, дзе ўжо фігураваў як дырэктар санаторыя “Чонкі”.

Фота: Сайт ВНС

Пётр Кірычэнка – пасярэдзіне. Фота: скрыншот з матэрыяла “Беларускі час”
І дагэтуль Кірычэнка працуе на тым самым месцы.

Былы мэр Гомеля кіруе санаторыем “Чонкі” – адным з найбуйнейшых прафсаюзных аздараўленчых комплексаў рэгіёна. Санаторый размешчаны ў змешаным лесе на беразе Сожа, мае каля 240 нумароў і прапануе больш за паўтысячы розных аздараўленчых працэдур. Кірычэнка рэгулярна ўдзельнічае ў прафсаюзных мерапрыемствах, прымае дэлегацыі і выступае перад гасцямі як кіраўнік установы.
Гісторыя кар’ёры Пятра Кірычэнкі паказвае асаблівасць беларускай вертыкалі. Тут не вельмі любяць раскідвацца праверанымі кадрамі. Нават калі чыноўнік губляе высокую пасаду, для яго часта знаходзіцца новае месца – ці то ў прафсаюзах, ці ў санаторнай сістэме, ці ў дзяржаўным бізнесе. Сапраўдным выключэннем застаюцца толькі тыя выпадкі, калі гаворка ідзе пра крымінальныя справы. Найбольш вядомы прыклад – былы кіраўнік Гомеля Віктар Піліпец, які атрымаў рэальны тэрмін па карупцыйным абвінавачанні.
Таму біяграфія Пятра Кірычэнкі выглядае хутчэй правілам, чым выключэннем. І калі вакол Уладзіміра Прывалава не адбудзецца сапраўды сур’ёзнага павароту падзей, не здзівімся, калі праз нейкі час былы кіраўнік Гомеля таксама знойдзецца на якой-небудзь новай адказнай пасадзе – недзе паміж санаторыем, дзяржаўным прадпрыемствам і чарговай “важнай для рэгіёна” структурай. Як паказвае практыка, у беларускай сістэме былыя “мэры” знікаюць рэдка. Часцей за ўсё яны проста мяняюць шыльду на дзвярах кабінета.
Можна пачытаць па тэме:
Былы “мэр-карупцыянер” стаў топ-менеджарам
Чаму адправілі ў адстаўку Уладзіміра Прывалава