“Асуджаныя” на прапаганду і бяспамяцтва

Дакументальны фільм пра канцлагер ДУЛАГ-121, створаны ТРК “Гомель”, абяцаў вярнуць праўду пра вайну. Але замест гэтага ператварыўся ў чарговы прыклад дзяржаўнай прапаганды — з маніпуляцыямі, паўпраўдамі і ідэалагічнымі клішэ, скіраванымі супраць беларускіх сімвалаў.


Фільм называецца “Асуджаныя” і распавядае пра гісторыю больш чым 110 тысяч савецкіх ваеннапалонных, закатаваных нацыстамі і іх памагатымі ў гады Другой сусветнай вайны. Лагер гэты знаходзіўся на тэрыторыі сённяшняй плошчы Паўстання ў Гомелі. Тэма, трэба сказаць, добра вядомая спецыялістам, якія займаюцца гісторыяй горада, але дагэтуль мала вядомая шырокай аўдыторыі.

Дарэчы, вельмі істотны момант: аўтары фільма сцвярджаюць, што да іх ніхто не распрацоўваў тэму ахвяраў ДУЛАГ-121. І вось з гэтага месца пачынаецца тое, што, так бы мовіць, дэвальвуе ўвесь унёсак здымачнай групы. Справа ў тым, што тэмай лагера для ваеннапалонных займаліся і раней незалежныя журналісты, у прыватнасці фрылансеры, якія яшчэ ў 2018-м годзе стварылі невялікі дакументальны фільм пад назвай “Пастаўце ім залаты крыж” для тэлеканала “Белсат” (прызнанага экстрэмісцкім уладамі).

А вось што кідаецца ў вочы ў стужцы, дык гэта кан’юнктурнасць аўтараў. У апошнія гады дзяржава спекулюе на тэме Другой сусветнай вайны — каб легітымізаваць сябе, забараняць нацыянальныя сімвалы (бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”), дыскрэдытаваць апанентаў, абвінавачваючы ўсіх іх у здрадзе. І, урэшце, каб паказаць: маўляў, вось сапраўдныя злачынствы мінулага, а не тыя “вартыя жалю” прэтэнзіі пра парушэнні правоў чалавека, пра што сёння гавораць “збеглыя”. Такім чынам, аўтары гэтай стужкі — гомельскія дзяржаўныя прапагандысты, якія падладжваюцца пад палітычную кан’юнктуру. Яны, відавочна, мелі доступ да архіваў, якія былі недаступныя незалежным журналістам, што раней ужо даследавалі гэтую тэму. Да таго ж, у іх былі сродкі на пастановачныя здымкі, дастаткова разьдзьмуты бюджэт. Мы бачым сцэны рэканструкцыі, інсцэніроўкі падзеяў Другой сусветнай, але ўсё гэта нівелюецца тым, што сама ідэя фільма — прапагандысцкая, другасная. У адрозненне ад таго, што ўжо было зроблена да іх незалежнымі журналістамі, якія першымі ўзнялі праблему бяспамяцтва ў савецкі і постсавецкі перыяды.

РАЗБОР СТУЖКІ

У  шматнацыянальным Савецкім Саюзе ў складзе Чырвонай Арміі служылі прадстаўнікі розных народаў. Аднак аўтары стужкі ўпарта называюць усіх палонных “рускімі”, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці ахвяр. Чаму гэта важна? Справа ў тым, што ахвяры ДУЛАГ-121 былі пахаваныя не толькі на тэрыторыі самога канцлагера і ў наваколлі, але і на ўскраінах сучаснага Гомеля — у прыватнасці, у супрацьтанкавым рове ля пасёлку Краснае. Калі некалькі гадоў таму там праводзілі эксгумацыю спецыялісты Мінабароны РБ, то ў магілах былі знойдзеныя парэшткі не толькі ваеннапалонных, але і мірных жыхароў (відаць, з мясцовых), у тым ліку яўрэяў. Сярод артэфактаў былі таксама польскія манеты з нацыянальнай сімволікай, што можа сведчыць пра тое, што сярод расстраляных маглі быць польскія яўрэі, якія спрабавалі ўцячы на тэрыторыю БССР, але іх дагнала бяда — смерць напаткала іх у Гомелі ў 1941 годзе.

Асобная тэма, якую закранулі аўтары стужкі, — гэта тое, што ваеннапалонных кармілі жудасна, і гэта праўда. Ім давалі ў якасці ежы так званую баланду, эрзац-хлеб або нейкія аб’едкі. У выніку даходзіла да страшных выпадкаў канібалізму. У архіўных матэрыялах сапраўды зафіксаваныя факты масавай гібелі людзей — і гэта таксама праўда. Такім чынам, аўтары дакументальна пацвердзілі шэраг трагічных эпізодаў з гісторыі лагера. Аднак яны вельмі асцярожна абыходзяць пытанне пра тое, што Сталін наўмысна не падпісаў Жэнеўскую канвенцыю аб абыходжанні з ваеннапалоннымі. У выніку ўсе савецкія грамадзяне, якія траплялі да немцаў у палон, трактаваліся інакш, чым палонныя з еўрапейскіх краін — ваяры іншых варожых армій. Гэта фактычна развязала акупантам рукі.

Важны аспект — недарэчныя сцэны з вядучай, якая ў сучасным і цёплым паліто з нафарбаванымі пазногцямі то трымае ў руках эрзац-хлеб, то сёрбае баланду, нібы спрабуючы паказаць, як цяжка было жыць у канцэнтрацыйным лагеры. Узгадваецца тут не столькі дакументальны падыход, колькі сатырычны — амаль як у Леаніда Філатава з яго радкамі: “Даядаю бутэрброд з думкай, як жыве народ. То ікра не лезе ў горла, то кампот не льецца ў рот”.

Прапагандыстамі ўвесь час прасоўваецца дзіўны наратыў пра тое, што немцы рукамі сваіх памагатых нібыта спрабавалі зрабіць так, каб “рускія забівалі рускіх” — цытата. Аднак, калі паглядзець шырэй, у гэтым ёсць і доля праўды: сярод ключавых здраднікаў, якія дапамагалі немцам знішчаць дзясяткі тысяч людзей у Гомелі, сапраўды былі ў асноўным этнічныя расійцы. Напрыклад, жыхар Цвярской вобласці Леанід Суражэўскі, ураджэнец Саратаўскай вобласці Аляксандр Анікееў, альбо адзін з кіраўнікоў лагера Васіль Кардакоў, які паходзіў з Тбілісі, але быў этнічным рускім. І гэта таксама праўда — толькі аўтары фільма на гэтым асабліва не акцэнтавалі ўвагу.

Не, каб распавесці пра 80 гадоў савецкага бяспамяцтва, пра тое, што дзесяцігоддзямі савецкія ўлады і іх пераемнікі не цікавіліся зусім тым, хто пахаваны ў наваколлях Гомеля і куды падзеліся 110 тысяч забітых ваеннапалонных. Пра гэта няма ніводнага слова. Затое на васямнаццатай хвіліне стала зразумела, для чаго здымаўся гэты фільм. На гэтым адрэзку з’яўляецца бел-чырвона-белы сцяжок, нашыўкі на форме так званых “памагатых”, і гучаць самыя агідныя выказванні пра “паслугачоў”, якія суправаджаюцца кадрамі з маладзёнамі ў форме бел-чырвона-белымі шэўронамі.

А вось гэта — поўная хлусня, улічваючы тое, што не беларускія нацыяналісты кіравалі ў акупаваным Гомелі ў гады ІІ Сусветнай, а тыя самыя расейскія здраднікі з казацкіх фармаванняў, манархісты і пярэваратні з Чырвонай арміі, пра што, дарэчы, гаворыцца і ў тым жа фільме. З прадстаўленых дакументаў вынікае, што менавіта этнічныя расейцы (Кардакоў, Анікееў і Суражэўскі) супрацоўнічалі з нацыстамі, але ніяк не беларускія нацыяналісты.

 

Штодзень
Фота: скрыншоты з фільма “Асуджаныя”

Слайдар пастоў